Аб правядзенні першай навукова-практычнай канферэнцыі «Магілёўскія архіўныя чытанні»

Ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» прайшла першая навукова-практычная канферэнцыя «Магілёўскія архіўныя чытанні». Удзельнікам чытанняў было прапанавана выступіць з дакладамі аб крыніцазнаўчым патэнцыяле фондаў дзяржаўных архіваў Магілёўскай вобласці, дакументах па гісторыі Магілёўшчыны ў фондах архіваў музеяў і бібліятэк Рэспублікі Беларусь і іншых краін, а таксама аб ролі беларускай жанчыны у развіцці культуры, навукі, адукацыі і народнай гаспадаркі.

У прывітальным слове дырэктар архіва Святлана Шараева адзначыла важнасць публікацыі і увядзення ў навуковы зварот архіўных дакументаў, падзякавала ўдзельнікам за падтрымку ініцыятывы аб правядзенні архіўных чытанняў.

На пленарным пасяджэнні былі заслуханы выступленні старшага навуковага супрацоўніка аддзела ўсходняга славянства Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук Ігара Барынава («Універсітэцкая Mogilewiana (па матэрыялах ЦГА Масквы і ЦГІА Санкт-Пецярбурга)»), вучонага сакратара ўстановы культуры «Магілёўскі абласны музей Е.Р.Раманава» Юрыя Раемскага («Матэрыялы Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва як крыніца па гісторыі Магілёва губернскага (1915-1917)»), дацэнта кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і фізічнай культуры ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій» Ігара Пушкіна («Асаблівасці этнічнага складу Магілёўскага раёна на першым этапе савецкай мадэрнізацыі паводле архіўных крыніц»).

Праца секцыі «Крыніцазнаўчы патэнцыял дакументаў магілёўскіх архіваў па навейшай гісторыі Беларусі. Гісторыя магілёўскай вобласці ў архівах, музэях і бібліятэках другіх гарадоў» канферэнцыі была плённай і насычанай, закранала самыя розныя пласты гісторыі Магілёўшчыны, ад біяграфістыкі і генеалогіі да адлюстравання глабальных гістарычных працэсаў і падзей у фондах архіваў і музеяў, спецыфіцы справаводства ў розныя гістарычныя эпохі. Сярод дакладчыкаў былі супрацоўнікі музеяў з Быхава, Гродна, Мінска, супрацоўнікі і дактаранты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і магілёўскія краязнаўцы. Таксама былі прадстаўлены даклады супрацоўнікаў аддзела навуковага выкарыстання і публікацыі дакументаў архіва. Загадчык аддзела Аляксандр Петухоў выступіў з дакладам на тэму «Іван Сяргеевіч Мігулін на старонках архіўных дакументаў», а архівіст 1 кваліфікацыйнай катэгорыі Аляксей Швыроў – «Санітарна-эпідэмічнае становішча ў Магілёўскай вобласці пасля вызвалення ад нацысцкай акупацыі (1944 1946 гг».).

У час канферэнцыі госці змаглі пазнаёміцца з матэрыяламі выставы архіўных дакументаў у актавай залі архіва.

 

1.Калектыўнае фота ўдзельнікаў першай навукова-практычнай канферэнцыі «Магілёўскія архіўныя чытанні» і падчас пленарнага пасяджэння.
2-3. У час работы секцыі «Крыніцазнаўчы патэнцыял даследавання крыніц дакументаў з Магілёўскага архіва па найноўшай гісторыі Беларусі. Гісторыя Магілёўскай вобласці ў архівах, музеях і бібліятэках іншых гарадоў».
4. Праграма канферэнцыі і праца секцыі «Крыніцазнаўчы патэнцыял даследавання крыніц дакументаў з Магілёўскага архіва па найноўшай гісторыі Беларусі. Гісторыя Магілёўскай вобласці ў архівах, музеях і бібліятэках іншых гарадоў».