Да дня нараджэння Васіля Быкава: супрацоўнікі БДАМЛМ наведалі музей-дачу пісьменніка ў Ждановічах

 

19 чэрвеня 2026 года, у дзень нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі музей-дачу Васіля Быкава ў Ждановічах, філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – партнёра БДАМЛМ.

Загадчыца філіяла Ірына Расціславаўна Князева арганізавала для архівістаў захапляльную і надзвычай эмаыйна цёплую экскурсію. Госці падрабязна азнаёміліся з гісторыяй будаўніцтва дачы, дзе Васіль Уладзіміравіч праводзіў шмат часу разам з жонкай Ірынай Міхайлаўнай. У пакоях дома нічога не змянілася – у гасцёўні і на кухні ўсё засталося менавіта так, як было пры жыцці гаспадароў.

Падчас візіту супрацоўнікі БДАМЛМ убачылі рарытэтныя музейныя рэчы, якія перадаюць атмасферу жыцця і творчасці пісьменніка. У кабінеце на другім паверсе на сваіх месцах стаяць настольная лямпа, друкарская машынка, а на спінцы крэсла вісіць яго пінжак.

Асаблівую цікавасць наведвальнікаў выклікала мастацкая спадчына Васіля Быкава. У мансардзе дома захоўваюцца яго фарбы і акварэльныя малюнкі. На дачы пісьменнік любіў больш маляваць, чым пісаць. Вядома, што Васіль Уладзіміравіч меў выдатны мастацкі талент і заўсёды насіў з сабой нататнік: ён замалёўваў ўсё, што адбывалася навокал. На сценах дачы таксама можна ўбачыць шмат жартоўных малюнкаў пра падзеі, звязаныя з дачным жыццём. Унізе будынка размяшчаецца гараж. Быкаў быў заядлым аўтамабілістам, сам рамантаваў машыну і шмат вандраваў, таму асобнае месца ў экспазіцыі займаюць малюнкі пра яго аўтамабільныя прыгоды.

Гэтая сустрэча падаравала гасцям незабыўныя ўражанні, напоўніўшы сэрцы пачуццём настальгіі і душэўнага цяпла. Візіт у музей-дачу Васіля Быкава стаў для работнікаў архіва-музея не толькі данінай павагі вялікаму майстру слова ў дзень яго нараджэння, але і выдатнай магчымасцю для абмену прафесійным вопытам з калегамі-музейшчыкамі ў справе захавання нашай агульнай гісторыка-культурнай спадчыны.

 

1. Работнікі БДАМЛМ у музеі-дачы Васіля Быкава
2. Кабінет пісьменніка
3. Мастацкая экспазіцыя музея
4. Падчас экскурсіі ў летняй мансардзе
5. Работнікі БДАМЛМ падчас экскурсіі ў музеі-дачы Васіля Быкава