Да Сусветнага дня донара крыві Занальны дзяржаўны архіў у Полацку прадстаўляе дакументы аб Полацкай абласной станцыі пералівання крыві
Слова «донар» паходзіць ад лацінскага «donare» – «дарыць». Дапамога донараў крыві неацэнная – падарункам для рэцыпіента часта з’яўляецца жыццё. Кроў аднаго донара можна выкарыстоўваць для выратавання трох чалавек. Бяспечная кроў і яе кампаненты неабходна для лячэння большасці захворванняў, правядзенні складаных аперацый, аказанні экстранай меддапамогі, якая дазваляе штодня ратаваць жыцці людзей.
14 чэрвеня 1868 года нарадзіўся Карл Ландштэйнер, аўстрыйскі лекар, імунолаг, які атрымаў у 1930 годзе Нобелеўскую прэмію за адкрыццё груп крыві чалавека, у гонар якога абрана гэтая дата свята.
У гэты дзень мы выказваем шчырую падзяку людзям, якія здаюць сваю кроў, яе кампаненты, неабходныя для выратавання чалавечых жыццяў, і ставім за мэту прыцягнуць увагу да неабходнасці ўдзелу ў рэгулярным добраахвотным донарстве.
Нацыянальная служба крыві поўнасцю забяспечвае арганізацыі аховы здароўя Рэспублікі Беларусь якаснымі і бяспечнымі кампанентамі крыві, дыягнастычнымі наборамі ўласнай вытворчасці, а таксама асноўнымі лекавымі сродкамі з плазмы крыві чалавека.
У 1923 годзе ў 2-й Савецкай бальніцы г.Мінска было праведзена першае ў Беларусі пераліванне крыві. Ажыццявіў яго асістэнт кафедры шпітальнай хірургіі медыцынскага факультэта Белдзяржуніверсітэта М.М.Шапіра (1884-1970), які стаў у далейшым прафесарам і дырэктарам Мінскага медыцынскага інстытута, адначасова – дырэктарам НДІ артапедыі і аднаўленчай хірургіі і галоўным хірургіі.
У 1932 годзе Рубашоў выдае першую ў Беларусі брашуру па пераліванні крыві на беларускай мове. У раздзеле «Донары» аўтар абагульніў літаратурныя дадзеныя аб донарстве, а таксама аб 7-мі скамплектаваных ім донарах у 1931 годзе.
У 1932 г. у рэспубліцы ствараюцца 4 філіялы ВФ ЦІПК: у Віцебску, Бабруйску, Барысаве і Полацку.
У Занальным дзяржаўным архіве ў г.Полацку» на захоўванні ёсць дакументы Полацкай абласной станцыі пералівання крыві. З дакументаў вядома, што з 1933 г. па ліпень 1941 г. працавала Полацкая міжраённая станцыя пералівання крыві, якую арганізаваў і ўзначаліў доктар М.В.Дунье (1903-1945гг.). Падчас акупацыі ў 1941 г. станцыя поўнасцю знішчана разам з архівам.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 1 красавіка 1945 г. была створана Полацкая абласная станцыя пералівання крыві. З прычыны моцных разбурэнняў горада станцыя была арганізавана пры хірургічным аддзяленні абласной бальніцы імя Леніна. У распараджэнні супрацоўнікаў станцыі было два невялікія пакоі, адзін з якіх быў аперацыйным для забору крыві, а другі служыў перадаперацыйнай, мыйнай і мантажнай. У гэтых умовах станцыя працавала да заканчэння будаўніцтва гарадской паліклінікі (чэрвень 1949 г.), у памяшканні паліклінікі для станцыі пералівання крыві было выдзелена чатыры невялікія пакоі.
Да верасня 1950 года Полацкую абласную станцыю пералівання крыві ўзначальваў А.Л.Дарасінскі, затым Н.С.Леках.
На момант складання справаздачы (1952 г.) мелася 190 актыўных донараў (актыўнымі лічыліся донары, якія здавалі кроў на працягу апошніх 4 месяцаў). А з 1945 г. па 1952 г. праз станцыю прайшло 768 донараў. У 1951 годзе 12 донараў прадстаўлены да ўзнагароды значком «Ганаровы донар» або ганаровай граматай.
Сярод супрацоўнікаў Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Полацку ёсць актыўныя донары: Малаток Таццяна Чаславаўна і Сафронаў Павел Міхайлавіч.
![]() |
| 1. Картка гадавой справаздачы абласной станцыі пералівання крыві за 1945г. ЗГАПол Ф.1067 Оп.1 Д.2 Л.1. |
![]() |
| 2. Картка гадавой справаздачы абласной станцыі пералівання крыві за 1945г. ЗГАПол Ф.1067 Оп.1 Д.2 Л.1аб. |
![]() |
| 3. Справаздача Полацкай абласной станцыі пералівання крыві за чэрвень м-ц 1946 г. ЗГАПол Ф.1067 Оп.1 Д.3 Л.6. |


