Сакрэты гісторыі для будучых філолагаў: удзельнікі алімпіяднага лагера па беларускай мове наведалі Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці

Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці прыняў незвычайных гасцей – навучэнцаў летняга профільнага алімпіяднага лагера па беларускай мове. Для дзяцей, якія паглыблена вывучаюць роднае слова, захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны мае асаблівае значэнне, таму візіт у архіў стаў для іх важным практычным вопытам.

Праграма знаёмства з установай была насычанай і пазнавальнай. Пачалася сустрэча з агляднай экскурсіі па архівасховішчы. Школьнікі даведаліся, як і ў якіх умовах забяспечваецца захаванасць унікальных першакрыніц.

Затым у чытальнай зале юным філолагам прэзентавалі новы дакументальны фільм «Архіў.Life». Вучні з вялікай цікавасцю паглядзелі стужку, якая расказвае пра будні супрацоўнікаў і разбурае стэрэатыпы аб архіўнай рабоце.

Яркім фіналам стала эксклюзіўная выстава архіўных дакументаў. Рабяты змаглі ўжывую дакрануцца да пажоўклых старонак гісторыі роднага краю і вывучыць арыгінальныя матэрыялы. Падобны вопыт працы з першакрыніцамі служыць стымулам да вывучэння мовы і культуры, натхняючы дзяцей на новыя перамогі.

На фота: Падчас мерапрыемства.