Прагляд фільма «Чарнобыль: хронікі трагедыі» ў школах г.Наваполацка

24 красавіка 2026 года ў Сярэдніх школах №№1,2 г.Наваполацка адбыўся паказ дакументальнага фільма «Чарнобыль: хронікі трагедыі». Гэтая карціна, створаная на аснове ўнікальных матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў, дазволіла навучэнцам пагрузіцца ў гісторыю адной з самых трагічных падзей XX стагоддзя. (Дарэчы, дзеці былі ўражаны існаваннем асобнага архіва такой скіраванасці.)

Пасля прагляду фільма старшакласнікі прынялі ўдзел у гутарцы з Паўлам Міхайлавічам Сафронавым, супрацоўнікам Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Полацку. Павел Міхайлавіч ахвотна адказаў на шматлікія пытанні хлопчыкаў і дзяўчынак, якія датычацца як непасрэдна зместу фільма, так і працы архіва ў цэлым.

Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікаў склад дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве. Акрамя таго, старшакласнікаў хвалявала магчымасць выкарыстання архіўных матэрыялаў для ўласных даследчых прац. Павел Міхайлавіч падрабязна расказаў аб працэдуры доступу да дакументаў, растлумачыў, якім чынам архіўныя матэрыялы могуць стаць каштоўным дадаткам да школьных праектаў і навуковых пошукаў.

На фота: Падчас паказу дакументальнага фільма «Чарнобыль: хронікі трагедыі» ў Сярэдніх школах №№1,2 г.Наваполацка.