У Маладзечне адбыўся адкрыты дыялог з моладдзю, прысвечаны 40-годдзю Чарнобыльскай катастрофы

Напярэдадні 40-годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Занальным дзяржаўным архіве ў г.Маладзечна прайшла сустрэча з працоўнай моладдзю горада. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Маладзечанскі раённы камітэт ГА «БРСМ».

Праграма пачалася з экскурсіі па сховішчах архіва. Удзельнікі змаглі ўбачыць, як і ў якіх умовах захоўваюцца дакументы, якія прадстаўляюць гістарычную каштоўнасць для рэгіёна.

Дырэктар архіва Іна Пудакевіч распавяла прысутным аб місіі сучасных архіваў- захаванні дакументальнай спадчыны для будучых пакаленняў. Яна адзначыла, што сёння перад архіўнай галіной стаяць новыя выклікі: гэта і лічбавая трансфармацыя, і рэалізацыя праектаў па электронным дакументазвароце, і забеспячэнне доступу да інфармацыі ў анлайн-фармаце. Пры гэтым галоўная задача застаецца нязменнай-зберагчы сапраўдныя дакументы, якія з’яўляюцца асновай гістарычнай памяці.

Гаворачы аб тэме сустрэчы, Іна Пудакевіч падкрэсліла: архіўныя дакументы дазваляюць захаваць праўду пра тыя дні, пра подзвіг ліквідатараў, пра лёсы людзей, вымушаных пакінуць свае дамы. Памяць пра Чарнобыль – гэта наш абавязак перад тымі, хто цаной свайго здароўя ратаваў іншых.

Архівіст аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Марыя Мечкоўская выступіла з прэзентацыяй, падрыхтаванай на аснове дакументаў занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У яе выступленні прагучалі канкрэтныя факты і сведчанні, якія адлюстроўваюць маштаб катастрофы і яе наступствы.

Завяршылася сустрэча праглядам дакументальнага фільма «Чарнобыль: хроніка трагедыі» БДАКФФД.

Галоўны спецыяліст Маладзечанскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Арцём Вайцяховіч выказаў пажаданне аб далейшым супрацоўніцтве, бо дзякуючы сумесным намаганням можна данесці да маладога пакалення праўду аб трагічных старонках гісторыі і важнасць захавання дакументальнай спадчыны.

На фота: Падчас мерапрыемства