16 снежня 2025 г. адбылося пасяджэнне Вучонага савета Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы

На пасяджэнні Вучонага савета, якое прайшло ў аўдыторыі імя У.І.Пічэты гістарычнага факультэта БДУ, былі разгледжаны заключныя і прамежкавыя справаздачы аб выкананні навукова-даследчых работ за 2025 год. Са справаздачамі выступілі кіраўнікі і адказныя выканаўцы тэм: І.У.Лютарэвіч, С.Я.Купрыянаў, З.В.Антановіч, К.П.Дзярновіч, В.А.Барбарчук, А.В.Шумская, А.А.Сашко, В.С.Пазднякоў, У.Д.Русецкая, М.А.Касяк.

Вынікі распрацовак па ўсіх планавых навуковых тэмах атрымалі станоўчую ацэнку. Па выніках абмеркавання навуковых праблем былі выпрацаваны рэкамендацыі па іх дапрацоўцы і аптымальным спосабам камерцыялізацыі.

Актыўны ўдзел у рабоце Вучонага савета прынялі намеснік начальніка аддзела справаводства, фарміравання і забеспячэння захаванасці Нацыянальнага архіўнага фонду Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Г.У.Качаткова, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава, намеснік дырэктара Беларускага цэнтра лічбавізацыі архіўнай дзейнасці А.А.Паплёўка, загадчык кафедры крыніцазнаўства БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар С.М.Ходзін, прафесар кафедры крыніцазнаўства БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт М.Ф.Шумейка, якімі былі выказаны карысныя парады і заўвагі па падрыхтаваных у выніку навуковых даследаванняў праектах.

Па завяршэнні пасяджэння Вучонага савета для членаў Вучонага савета і запрошаных была арганізавана экскурсія ў археалагічны і этнаграфічны музей гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

 

1. Са справаздачай выступае навуковы супрацоўнік аддзела дакуметазнаўства В.А.Барбарчук
2. Падчас пасяджэння Вучонага савета
3. Агульная фатаграфія ўдзельнікаў пасяджэння Вучонага савета
4. Удзельнікі пасяджэння Вучонага савета падчас агляду экспазіцыі археалагічнага і этнаграфічнага музея гістарычнага факультэта БДУ