Экскурсія ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» для супрацоўнікаў інфармацыйнага цэнтра УУС Магілёўскага аблвыканкама

20 лістапада 2025 года ўстанову «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» наведалі супрацоўнікі інфармацыйнага цэнтра УУС Магілёўскага аблвыканкама. Госці, чыя праца звязана, у тым ліку, з апрацоўкай і захоўваннем архіўнай інфармацыі, з вялікай цікавасцю азнаёміліся з асаблівасцямі функцыянавання архіўнай установы.

Для гасцей была арганізавана экскурсія па архіве, падчас якой яны наведалі архівасховішча, абсталяванае мабільнымі стэлажамі, пазнаёміліся з асаблівасцямі захоўвання дакументаў і забеспячэннем іх захаванасці, у прыватнасці аўтаматычнай устаноўкай газавага пажаратушэння, якая прызначана для выяўлення і ліквідацыі пажару без непасрэднага ўдзелу людзей.

Экскурсія працягнулася наведваннем сектара аблічбоўкі дакументаў, з дэманстрацыяй працы сканавальнага абсталявання, якое выкарыстоўваецца архівам. Потым, у чытальнай зале, архівісты расказалі пра віды дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве, а таксама правілы работы з імі. У фармаце гутаркі госці змаглі задаць усе пытанні, якія іх цікавяць, і атрымаць на іх кампетэнтныя адказы.

У завяршэнні ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з банэрнай выставай «Зноў да мінулага поглядам наблізімся», прысвечанай гісторыі Магілёва перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама выставай найбольш цікавых і значных дакументаў з архіўных фондаў.

Экскурсія стала не толькі мерапрыемствам па далейшай папулярызацыі дзейнасці архіўных устаноў, але і магчымасцю прафесійнага абмену досведам.

 

1-2. Удзельнікі экскурсіі знаёмяцца з умовамі захавання дакументаў.
3. Падчас наведвання сектара аблічбоўкі дакументаў.
4. Азнаямленне з банэрнай выставай.
5. Падчас прэзентацыі выстаўкі найбольш цікавых дакументаў з архіўных фондаў.