Аб правядзенні семінара ў Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
22 кастрычніка 2025 г.у рамках мерапрыемстваў, накіраваных на выкананне даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях аптымізацыі дакументаабароту ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, у Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь адбыўся семінар «Аб удасканаленні справаводства і архіўнага захоўвання дакументаў» з удзелам кіраўнікоў структурных падраздзяленняў цэнтральнага апарату міністэрства і работнікаў, адказных за арганізацыю і вядзенне справаводства. Семінар быў арганізаваны ўпраўленнем кадравай работы, кантролю, справаводства і матэрыяльна-тэхнічнага развіцця галоўнага ўпраўлення кадравай работы і прафесійнай адукацыі Міністэрства аховы здароўя на чале з начальнікам упраўлення Н.П.Калеснікавай.
У рабоце семінара прынялі ўдзел дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы А.Я.Рыбакоў, загадчык аддзела справаводства і фарміравання НАФ Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Т.А.Шаўчэнка, загадчык сектара гэтага ж аддзела, куратар сістэмы Міністэрства аховы здароўя Н.М.Мезько.
Семінар адкрыў намеснік Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Б.М.Андрасюк, які пазначыў мэты і задачы семінара, падкрэсліў важнасць рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на выкананне Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2025 г.№11 «Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны».
А.Я.Рыбакоў выступіў з дакладам-прэзентацыяй на тэму «Практычныя падыходы да аптымізацыі дакументаўтварэння і дакументаабароту», у якім раскрыў асноўныя напрамкі аптымізацыі дакументаўтварэння, спосабы і метады скарачэння аб’ёму дакументаабароту ў сучасных умовах з улікам галіновай спецыфікі.
Т.А.Шаўчэнка ў сваім выступленні спынілася на практычных пытаннях арганізацыі справаводства і архіўнага захоўвання дакументаў. Асаблівая ўвага была нададзена пытанням падрыхтоўкі і перадачы на пастаяннае захоўванне ў дзяржаўныя архівы электронных дакументаў.
Н.М.Мезько акцэнтавала ўвагу на неабходнасці распрацоўкі ведамаснага пераліку дакументаў Міністэрства аховы здароўя і падпарадкаваных яму (якія ўваходзяць у яго склад, сістэму) арганізацый.
Па заканчэнні семінара прадстаўнікі архіўнай службы адказалі на пытанні ўдзельнікаў.
Рэалізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на выкананне даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па аптымізацыі дакументаўтварэння і дакументаабароту, удасканаленне справаводства і архіўнага захоўвання дакументаў, будзе прадоўжана.
![]() |
| 1. Б.М.Андрасюк адкрывае работу семінара |
![]() |
| 2. А.Я.Рыбакоў выступае з дакладам-прэзентацыяй |

