«Залессе. З гісторыі шклянога завода»: архівісты ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна» падрыхтавалі віртуальную выставу, прысвечаную знакамітаму шкляному прадпрыемству

Гісторыя шклозавода «Залессе» сыходзіць каранямі далёка ў сівую даўніну.

Ён вырас з гуты, якая, у сваю чаргу, паслужыла базай для стварэння Ільянскай вотчыннай шклоробнай мануфактуры графа Салагуба, на якой выкарыстоўвалася праца прыгонных. Задзейнічаны былі і наёмныя спецыялісты – майстры па рэцэптуры варэння шкла і выдзімання складанага посуду. Ільянская шклоробная мануфактура ў XVIII ст. уваходзіла ў лік пяці найбуйнейшых вотчынных шклоробных мануфактур, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі. Рабілі тут у асноўным сталовы і аптэчны посуд: бутэлькі, кварты, слоікі, куфлі, колбы, прабіркі, бутэлечкі.

Надышоў час, калі навакольныя лясы былі спустошаны, і ў 1815 г. гута была перанесена ў багаты лясамі засценак Стражыслаў, а ў 1855 г. – у маёнтак Залессе (цяпер пасёлак Партызанскі). Тут і быў заснаваны аднайменны шклозавод.

У 1936 г. завод быў зачынены, але яго аднаўленне было скончана да сярэдзіны 1937 г., і ўжо ў другой палове 1937 г. ён пачаў выпускаць лямпавае і шыбу, аптэкарскі посуд.

Яго дзейнасць была зноў спынена ў сувязі з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны і фашысцкім нашэсцем.

З першых дзён вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў шклозавод «Залессе», як і ўся прамысловасць раёна, стаў аднаўляцца. Першай прадукцыяй быў гатункавы посуд: шклянкі, талеркі, лямпавыя плафоны, графіны з паўбелага шкла. У далейшым асартымент значна пашырэў.

…Яго гісторыя завяршылася з надыходам новага стагоддзя: у 2001 г. прадпрыемства стала на рэканструкцыю, а ў 2003 г. шклозавод «Залессе» спыніў сваё існаванне і быў канчаткова зачынены за нерэнтабельнасцю.

Выстава «З гісторыі шклянога завода»