Старшыня пярвічнай арганізацыі БСЖ установы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Глыбокае» Нэля Баравік наведала памятныя мясціны на Магілёўшчыне
Старшыня пярвічнай арганізацыі БСЖ установы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Глыбокае» Нэля Баравік 3-4 ліпеня 2025 года, аддаючы даніну памяці гераічнаму мінуламу нашай краіны, наведала некалькі памятных мясцін: мемарыяльны комплекс памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці, мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», мемарыяльны комплекс «Помнік дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг».
У вёсцы Боркі Магілёўскай вобласці 15 чэрвеня 1942 года праведзена адна з самых буйных карных аперацый: за адзін дзень фашысты расстралялі і спалілі больш за 2 тыс. мірных жыхароў. У 2008 годзе на месцы трагедыі быў узведзены мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці». Ён уключае Сцяну памяці, дзе пазначаны ўсе знішчаныя вёскі Магілёўскай вобласці.
У памяць аб гераічнай абароне горада Магілёва ў ліпені 1941 года ўзведзены мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». «Я не быў салдатам, быў усяго толькі карэспандэнтам, аднак у мяне ёсць кавалачак зямлі, які мне век не забыць, – поле пад Магілёвам, дзе я ўпершыню ў ліпені 1941 года бачыў, як нашыя на працягу аднаго дня падбілі і спалілі 39 нямецкіх танкаў…», – пісаў Канстанцін Сіманаў, мемарыяльны знак якому быў адкрыты на Буйніцкім полі.
Мемарыяльны комплекс, размешчаны на месцы канцлагера ў вёсцы Чырвоны Бераг, называюць «дзіцячай Хатынню». У 1943 годзе тут нацысты стварылі канцлагер для дзяцей-донараў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў.
Кожнага чалавека, які наведвае гэтыя мемарыяльныя комплексы, перапаўняюць моцныя эмоцыі. Яны не даюць нам забыцца пра цяжкую спадчыну вайны, заклікаючы памятаць аб гістарычным мінулым нашай краіны.
![]() |
| 1. У час наведвання мемарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці |
![]() |
| 2. Падчас наведвання мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» |
![]() |
| 3. У час наведвання мемарыяльнага комплексу «Помнік дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг». |


