Установай «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (БелНДІДАС) падрыхтаваны праект новай рэдакцыі дзяржаўнага стандарту Рэспублікі Беларусь СТБ 2059 «Справаводства і архіўная справа. Тэрміны і азначэнні»
Праект Дзяржаўнага стандарту ўстанаўлівае тэрміны і азначэнні асноўных паняццяў у галіне справаводства і архіўнай справы.
У праекце новай рэдакцыі дзяржаўнага стандарту замацаваны ў якасці тэрмінаў такія паняцці, як «аўтаматызаваная сістэма дакументацыйнага забеспячэння кіравання», «сістэма электроннага дакументазвароту», «аўтаматызаваная сістэма кіравання дакументамі», «інфармацыйная сістэма архіва арганізацыі», «аператыўнае захоўванне дакументаў», «архіўнае захоўванне дакументаў» і інш. Перапрацаваныя і дапоўнены такія паняцці, як «справа» (з канкрэтызацыяй яго разнавіднасцяў – «электронная справа», «гібрыдная справа»), «дакументазварот» (з канкрэтызацыяй паняцця «электронны дакументазварот»), «рэквізіт», «метададзеныя», «юрыдычная сіла дакумента», «юрыдычная значнасць дакумента» і інш.
Тэрміны, устаноўленыя праектам дзяржаўнага стандарту, рэкамендуюцца для прымянення ў дакументацыі ўсіх відаў, падручніках, навучальных дапаможніках, тэхнічнай і даведачнай літаратуры, якія ўваходзяць у сферу работ па стандартызацыі і (або) якія выкарыстоўваюць вынікі гэтых работ.
Перагляд дзяржаўнага стандарту ўключаны ў План дзяржаўнай стандартызацыі Рэспублікі Беларусь на 2024 год.
У адпаведнасці з патрабаваннямі пункта 26 Правілаў распрацоўкі дзяржаўных стандартаў Рэспублікі Беларусь, зацверджаных пастановай Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2017 г.№59, праект Дзяржаўнага стандарту Рэспублікі Беларусь СТБ 2059 (СТБ/ПР 1) «Справаводства і архіўная справа. Тэрміны і азначэнні» з тлумачальнай запіскай да яго размешчаны для разгляду на афіцыйным сайце Дзяржстандарту ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.