Летнія канікулы ў БДАМЛМ
Рэспубліканская акцыя «Архівы – школе» рэалізуецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва падчас летніх канікулаў.
17 ліпеня 2024 года вучні 4 «З» класа наведалі архіў-музей. Малодшых школьнікаў зацікавіў незвычайны будынак, у якім пануе прахалода ў летнюю спёку. Увагу вучняў прыцягнулі як мураваныя сцены з парэшткамі барочнай ляпніны, так і сённяшняе напаўненне гэтых сценаў – архівы мастакоў, літаратараў, кампазітараў, устаноў культуры. Дзеці задавалі шмат дасціпных пытанняў, разам з архівістамі разважалі над праблемамі захавання гістарычных і культурных артэфактаў. Школьнікі пазнаёміліся з выставай «Сам-насам з вечнасцю» да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі в.Быкава, задумаліся над тэматыкай яго твораў. Пры аглядзе выставы «Думка. Адкрытасць душы. Пачуццё…» да 90-годдзя народнага артыста Беларусі Ю.Ступакова наведвальнікі распавялі пра свой тэатральны досвед. На развітанне, вучні паабяцалі пераказаць убачанае ў архіве бацькам і сябрам.
На фота: Удзельнікі акцыі «Архівы – школе» пасля наведвання БДАМЛМ