ДА 90-ГОДДЗЯ З ДНЯ АДКРЫЦЦЯ ДОМА ЎРАДА
31 кастрычніка 2023 года ў фае Авальнай залы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адкрылася фотадакументальная выстава «Дом Урада: Гісторыя і сучаснасць», падрыхтаваная Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з удзелам Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі і Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.
Сёння выставу наведалі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Галоўчанка Раман Аляксандравіч, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанка Уладзімір Паўлавіч, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Петрышэнка Ігар Віктаравіч, Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Хаменка Сяргей Мікалаевіч.
Дом Урада быў першым буйным адміністрацыйным будынкам Беларусі савецкай эпохі, яскравым прыкладам канструктывізму. Яго будаўніцтва паклала аснову Цэнтральнай забудовы Мінска, вытрыманай у адзіным архітэктурным ансамблі. Яшчэ ў 1929 г. адбыўся Усесаюзны конкурс на праект Мінскай урадавай рэзідэнцыі, пераможцам якой стаў ураджэнец Гродзенскай губерні, Іосіф Лангбард.
Узвядзенне Дома Урада ў пачатку 1930-ых гг. стала своеасаблівай будоўляй стагоддзя, удзел у якой прымала ўся краіна. Работы ішлі ў няпростых умовах: будаўнікі былі абмежаваныя і ў тэхніцы, і ў матэрыялах. Таму ўвесь цяжар будаўнічых работ легла на плечы (у прамым і пераносным сэнсе) радавых удзельнікаў ўзвядзення манументальнага збудавання. Абмежаванасць у выбары матэрыялу (цэгла і тынкоўка), па словах Лангбарда, «адыграла хутчэй станоўчую, чым адмоўную ролю», паколькі надала будынку высакародную стрыманасць. У 1933 г. перад Домам Урада на чорны лабрадоравы пастамент узняты сяміметровы бронзавы манумент Леніну, які стаў самым высокім на прасторах усяго СССР.
Дом Урада цудам ацалеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Перад самым адступленнем немцы падрыхтавалі яго да выбуху, але рашучыя дзеянні Чырвонай Арміі і партызан прадухілілі трагедыю, а 3 ліпеня 1944 г. сапёры абясшкодзілі ў будынку 184 бомбы запаволенага дзеяння.
Нацыянальны архіў упершыню прадставіў унікальныя дакументы: Выпіску з пратакола № 10 распарадчага пасяджэння Прэзідыума Дзяржплана БССР аб пабудове будынка для вышэйшых дзяржаўных устаноў БССР, Даклад будаўнічай камісіі па будаўніцтве Дома Урада БССР, Праграму конкурсу на складанне праекта Дома Урада БССР, Пастанова Цэнтральнага Выканаўчага камітэта і Саўнаркама БССР аб урачыстым адкрыцці помніка У.I. Леніну і Дома Урада, Дакладную запіску начальніка ваеннага аддзела СНК БССР I. Куцейнікава аб ходзе размініравання Дома Урада і інш. Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі, у якім захоўваецца асабісты фонд I.Лангбарда, прадставіў на выставе праекты галоўнага і бакавога фасадаў Дома Урада БССР, Аксанаметрыя Дома Урада БССР у г. Мінску, алфавітны спіс рабочых канторы па пабудове Дома Урада БССР, Акты прыёмкі выкананых работ на будаўніцтва за 1933 г. і іншыя цікавыя дакументы.
Дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў прадставіў шматлікія фатаграфіі, якія адлюстроўваюць будаўніцтва, адкрыццё і сучасную гісторыю Дома Урада. Апрача таго, Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, быў падрыхтаваны і прэзентаваны дакументальны фільм «Дом Урада: гісторыя і сучаснасць (да 90-годдзя з дня адкрыцця)».