Аб арганізацыі сумеснай выставы «Ніхто не забыты! Нішто не забыта!»

4 мая 2023 года ўстановай «Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы» арганізавана сумесная выстава з музеем гісторыі і культуры горада Оршы ўстановай культуры «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны»«Ніхто не забыты! Нішто не забыта!», прысвечаная святкаванню Дня Перамогі.

Дзень Перамогі для нас сапраўды свята «са слязамі на вачах». Занадта многіх сыноў і дачок не далічылася рэспубліка з-за нямецка-фашысцкай агрэсіі. У кожнай беларускай сям’і ёсць свая гісторыя, звязаная з Вялікай Айчыннай вайной. Сярод іх – не толькі ваенныя гісторыі, але і пра жыццё пад акупацыяй, у лагеры ці ў партызанскім атрадзе. Немалая частка беларусаў была скрадзеная на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Там яны працавалі на буйных фабрыках і ў маленькіх фермерскіх гаспадарках. Больш за 2 млн. жыхароў Беларусі былі знішчаны гітлераўцамі. Нажаль, нават на сённяшні дзень лічба людскіх страт не дакладная.

На экспазіцыі выставы прадстаўлены 80 архіўных дакументаў і фатаграфій з фондаў установы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы»: пратаколы допытаў грамадзян па ўстанаўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, акты расследавання злачынстваў камісіямі па садзейнічанні НДК, спісы выкрадзеных у Германію, расстраляных закатаваных грамадзян, асабістыя дакументы грамадзян (лісты, фатаграфіі), сагнаных у Германію на прымусовыя працы і інш., а таксама экспанаты музея гісторыі і культуры горада Оршы. Гэты праект працягне сваю працу па 5 ліпеня 2023 года.

Выстава адрасавана шырокаму колу асоб: школьнікам, студэнтам, краязнаўцам, педагогам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай рэгіёна.