Да 135-годдзя пісьменніка, грамадскага дзеяча Змітра Жылуновіча (Цішкі Гартнага; 1887-1937)

Зміцер Хведаравіч Жылуновіч нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. у мястэчку Капыль Слуцкага павета. Скончыў двухкласнае вучылішча. Працаваў пастухом, гарбаром, рабочым на заводах. Вялікі ўплыў на фарміраванне яго грамадска-палітычных поглядаў зрабіла капыльская сацыял-дэмакратычная арганізацыя, членам якой ён стаў у 1906 г.

У 1913 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе матэрыяльную і маральную падтрымку яму аказалі Б. Эпімах-Шыпіла і іншыя дзеячы беларускага адраджэння. У Санкт-Пецярбургу З. Жылуновіч ажаніўся з дачкой рабочага Надзеяй Сцяпанаўнай Бяловай. У той час дзеяч працаваў у Беларускім бежанскім камітэце і стаў адным з членаў Беларускай сацыялістычнай грамады (1917 г.). У 1918–1919 гг. быў другім сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР, рэдактарам першай савецкай газеты на беларускай мове “Дзянніца”, уваходзіў у склад бюро Беларускай секцыі РКП(б).

У 1921 г. пераехаў у Мінск, дзе разгарнуў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Быў рэдактарам газеты “Савецкая Беларусь”, часопіса “Полымя”, узначальваў Дзяржаўнае выдавецтва БССР, працаваў намеснікам Наркама асветы БССР і загадчыкам Галоўмастацтва, у Інстытуце гісторыі АН БССР, загадваў выдавецтвам АН БССР (акадэмікам стаў у 1928 г.). У студзені 1923 г. З. Жылуновіч быў прызначаны загадчыкам Цэнтрархіва Беларусі. Знаходзіўся на гэтай пасадзе да красавіка 1929 г.

З. Жылуновіч – празаік, паэт, драматург. Найбольш вядомы яго псеўданім ¬ Цішка Гартны. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 г. на старонках “Нашай Нівы”. У 1913 г. выйшаў зборнік яго вершаў “Песні”. Талент Ц. Гартнага найбольш праявіўся ў прозе. У 1914–1930 гг. пісьменнік працаваў над раманам “Сокі цаліны”, напісаў п’есы “Хвалі жыцця”, “Сацыялістка”, “На стыку”, “Дзве сілы”, апавяданні “Трэскі на хвалях”, “Прысады”, выдаў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў “Узгоркі і нізіны” і інш.

У 1936 г. З. Жылуновіч быў арыштаваны, абвешчаны псіхічна хворым і пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе памёр 11 красавіка 1937 г.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца збор дакументаў З. Жылуновіча, матэрыялы якога сабраны яго дачкой Галінай Жылуновіч для выдання збора твораў пісьменніка. Большая іх частка – капійныя. З арыгіналаў у фондзе ўтрымліваюцца першая частка рамана “Сокі цаліны” і ліст да невядомага адрасата. Невялікая колькасць арыгінальных аўтографаў Ц. Гартнага захоўваецца ў фондзе “Калекцыя дакументаў аддзела рукапісаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў г. Вільня” і некаторых асабістых фондах дзеячаў літаратуры Беларусі.

 

З. Жылуновіч. 1930-я гг. БДАМЛМ. Ф. 15. Воп. 1. Адз. зах. 122. Л. 7.
З. Жылуновіч з жонкай Надзеяй Сцяпанаўнай, дачкой Галінай і сынам Алегам. 1929 г. БДАМЛМ. Ф. 15. Воп. 1. Адз. зах. 123. Л. 4.
Спіс псеўданімаў З. Жылуновіча. Аўтограф Г. Жылуновіч. 1970-я гг. БДАМЛМ. Ф. 15. Воп. 1. Адз. зах. 46. Лл. 1–2.
Ц. Гартны. Раман “Сокі цаліны”. Палавіна першая. “Бацькава воля”. Аўтограф. 1921 г. БДАМЛМ. Ф. 15. Воп. 1. Адз. зах. 1. Лл. 2–3.
Ц. Гартны. Верш “Злітнасць”. 31 мая 1923 г. Маш. копія. БДАМЛМ. Ф. 15. Воп. 1. Адз. зах. 6. Л. 4.
Ліст З. Жылуновіча да невядомага адрасата. 14 кастрычніка 1909 г. БДАМЛМ. Ф. 15. Воп. 1. Адз. зах. 37. Л. 1.
Удзельнікі 1-й Усебеларускай нарады архівістаў пры Інбелкульце. 12–15 мая 1924 г. БДАМЛМ. Ф. 500. Воп. 1. Адз. зах. 602. Л. 4.
Успаміны Я. Дылы пра З. Жылуновіча. Аўтограф. 1970-я гг. БДАМЛМ. Ф. 15. Воп. 1. Адз. зах. 90. Лл. 1 – 1 адв.