6 кастрычніка 2021 г. на агульным сходзе калектыву Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі вышэйшай узнагародай архівістаў – нагрудным знакам «Ганаровы архівіст Беларусі» – была адзначана старшы навуковы супрацоўнік аддзела аўтаматызацыі архіўных тэхналогій Чаркасава Яўгенія Канстанцінаўна
У рамках святкавання Дня архівіста стала добрай традыцыяй адзначаць прафесійныя заслугі работнікаў архіўнай галіны Беларусі. 6 кастрычніка 2021 г. на агульным сходзе калектыву Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі вышэйшай узнагародай архівістаў – нагрудным знакам «Ганаровы архівіст Беларусі» – была адзначана старшы навуковы супрацоўнік аддзела аўтаматызацыі архіўных тэхналогій ЧАРКАСАВА Яўгенія Канстанцінаўна.
У сваёй віншавальнай прамове дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Віктар Іосіфавіч КУРАШ адзначыў заслугі Яўгеніі Канстанцінаўны у сферы аўтаматызацыі архіўнай галіны. Яна прымала ўдзел у распрацоўцы стратэгіі аўтаматызацыі архіўнай галіны на 2005-2010 гады, распрацоўвала прынцыпы гарманізацыі архіўнага апісання з міжнародным стандартам ISAD(G), з’яўляецца непасрэдным распрацоўшчыкам аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы дзяржаўнага архіва (АІС архіва) і зводнай аўтаматызаванай сістэмы дзяржаўных архіваў (АІС зводная), якія забяспечылі аўтаматызацыю дзейнасці, а таксама развіццё інфармацыйных тэхналогій у органах архіўнай справы і дзяржаўных архіўных установах Беларусі. На працягу многіх гадоў Я.К. Чаркасава ўдасканальвае гэтыя сістэмы: ажыццяўляе аўтаматызацыю новых працэсаў у дзейнасці архіваў, аптымізуе работу праграмных модуляў сістэмы і займаецца іх суправаджэннем. У 2020 годзе яна ўдзельнічала ў стварэнні новых версій сістэм, якія забяспечваюць пераход на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў працы дзяржаўных архіваў. У канцы свайго выступу Віктар Іосіфавіч пажадаў Яўгеніі Канстаўцінаўне здароўя і новых прафесійных поспехаў.
Ва ўрачыстай абстаноўцы дырэктар Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі Юрый Эдуардавіч ПРАЗАРОВІЧ цёпла павіншаваў аднаго з самых вопытных і аўтарытэтных работнікаў з такой высокай ацэнкай працоўнай дзейнасці.