28 чэрвеня 2018 г. адбылося адкрыццё навукова-практычнай канферэнцыі «Беларускія архівы на мяжы тысячагоддзяў: здабыткі і страты»
28 чэрвеня 2018 г. адбылося адкрыццё навукова-практычнай канферэнцыі «Беларускія архівы на мяжы тысячагоддзяў: здабыткі і страты», прысвечанай 80-годдзю заснавання Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Яна праводзілася сумесна з даўнім навуковым партнёрам архіва Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На пленарным пасяджэнні ўсіх удзельнікаў і гасцей канферэнцыі прывіталі акадэмік-сакратар Прэзідыума НАН Беларусі, член-карэспандэнт А. А. Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі В. В. Даніловіч, дырэктар Дэпартамента на архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусі В. І. Кураш, дырэктар НГА Беларусі Д. У. Яцэвіч. З пленарнымі дакладамі выступілі загадчык цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі Інстытута гісторыі прафесар В. Ф. Голубеў і дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В. М. Папко.
У ходзе канферэнцыі намеснік дырэктара НГА Беларусі Д. В. Лісейчыкаў прэзентаваў юбілейнае архіўнае выданне – зборнік дакументаў “”Для лепшое цвёрдасці…”: пергаментныя дакументы перыяду Вялікага Княства Літоўскага з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (1391-1566 гг.)”, складзены сумесна супрацоўнікамі архіва і інстытута і выдадзены стратэгічным партнёрам архіва ў галіне публікацыйнай дзейнасці выдавецтвам “Беларусь”.
Праца канферэнцыі была падзелена на шэсць секцый у адпаведнасці з тэматычным прынцыпам. Яе ўдзельнікі здолелі абмеркаваць шырокае кола праблем, звязаных не толькі з архівазнаўствам і крыніцазнаўствам, тэматыка якіх, безумоўна, пераважала ў дакладах, алё і ў цэлым гісторыка-навуковай дзейнасці. Гэта дазволіла нават непасрэдна на яе працягу вырашыць некаторыя пытанні арганізацыйнага або даследчага характару. Удзельнікамі канферэнцыі сталі больш за 70 навукоўцаў і архівістаў адразу з некалькіх краін – Беларусі, Польшчы, Украіны і Венгрыі, – што дэ-факта надало ёй статус прадстаўнічай міжнароднай навуковай падзеі. Геаграфія гасцей з Беларусі таксама выглядала шырока – прыбылі навукоўцы з Гродна, Магілёва, Пінска, Дзяржынска і Нясвіжа.





