Дакументальная выстава «Жанчыны Вялікай Перамогі» адчынiлася ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь
8 мая 2026 года ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) адчынілася дакументальная выстава «Жанчыны Вялікай Перамогі». Экспазіцыя прысвечана жанчынам, чый гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны стаў легендай. Выстава прадстаўляе сабой унікальную калекцыю асабістых спраў, архіўных дакументаў і сведчанняў пра лёсы снайпераў, медсясцёр, падрыўнікоў і сувязных, якія змагаліся з нацызмам у гады вайны.
Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць сапраўдныя асабістыя справы чатырох легендарных жанчын — Герояў Савецкага Саюза, чые імёны неад’емна звязаны з вызваленнем Беларусі: Алены Мазанік, Надзеі Траян і Марыі Осіпавай — удзельніц аперацыі па ліквідацыі палача беларускага народа Вільгельма Кубэ, а таксама Ганны Маслоўскай — адважнай памочніцы начальніка штаба партызанскай брыгады, якая асабіста ўдзельнічала ў падрывах эшалонаў і баях.
Калі ў чэрвені 1941 года вайна агнявым валам пракацілася па беларускай зямлі, яна не выбірала пол і ўзрост. Але гісторыя захавала для нас асаблівы феномен — масавы жаночы гераізм. Экспазіцыя разбурае стэрэатып пра тое, што роля жанчыны на вайне абмяжоўвалася толькі медыцынай і арганізацыяй быту. Вядома, подзвіг медсясцёр неацэнны: пад шквальным агнём яны выцягвалі параненых, становячыся апошняй перашкодай паміж байцом і смерцю. Але дакументы выставы расказваюць і пра іншыя «спецыяльнасці», якія асвоілі ўчорашнія школьніцы і студэнткі.
У партызанскіх атрадах жанчыны станавіліся меткімі снайперамі, неўлоўнымі сувязнымі і, што самае ўражлівае — халаднокроўнымі падрыўнікамі. У асабістых справах, прадстаўленых у вітрынах, ёсць звесткі пра дзясяткі падарваных эшалонаў і вывядзеных з ладу мастоў. Жаночая інтуіцыя і прыродная асцярожнасць у спалучэнні з адчайнай смеласцю рабілі іх ідэальнымі ўдзельніцамі падполля.
Унікальнасць выставы — у магчымасці ўбачыць аўтабіяграфіі, напісаныя рукой саміх гераінь. У гэтых почырках — дзе-нідзе лятучых і ўпэўненых, дзе-нідзе спешных — адчуваецца пульс таго часу. Асабістыя лісты па ўліку кадраў, якія запаўняліся ў лясах або адразу пасля вызвалення, расказваюць пра тое, што перажылі гэтыя жанчыны: гібель блізкіх, спаленыя дамы і свядомы выбар — змагацца да канца.
Гэтая выстава – напамін пра тое, што свабода Беларусі была здабыта, у тым ліку, і далікатнымі жаночымі рукамі, якія навучыліся трымаць вінтоўку, перавязваць раны і закладваць выбухоўку дзеля таго, каб будучыя пакаленні жылі ў міры.
Выстава падрыхтавана ў межах мерапрыемстваў па правядзенні Года беларускай жанчыны.
![]() |
| 1. Афіша выставы |
![]() |
| 2. Выступленне намесніка дырэктара НАРБ С.В.Кулінка на адкрыцці выставы |
![]() |
| 3. Выступленне загадчыцы аддзела НАРБ М.А.Старасценка на адкрыцці выставы |
![]() |
| 4. Удзельнікі выставы |
![]() |
| 5. Калектыўная фатаграфія з адкрыцця выставы |
![]() |
| 6. Удзельнікі выставы знаёмяцца з архіўнымі дакументамі |





