Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці прыняў удзел у мерапрыемстве да 40-годдзя аварыі на ЧАЭС

25 красавіка ў Беразіне прайшло абласное мерапрыемства да 40-годдзя самай буйной тэхнагеннай катастрофы за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі.

Сярод прысутных – прадстаўнікі Мінаблвыканкама, Бярэзінскага райвыканкама і раёнаў Мінскай вобласці, былыя ліквідатары, моладзь.

Фарміраванне ў падрастаючага пакалення гістарычнай памяці, грамадзянскай адказнасці і экалагічнай свядомасці праз асэнсаванне маштабаў Чарнобыльскай катастрофы, прыклад гераізму ліквідатараў і адраджэння жыцця на пацярпелых тэрыторыях і ролі дзяржавы ў вырашэнні комплекснай задачы па рэабілітацыі і адраджэнні пацярпелых тэрыторый – такая роля гэтай падзеі.

У Бярэзінскім раённым цэнтры культуры адбылася прэзентацыя банэрнай выставачнай экспазіцыі «26 красавіка. Дзень памяці чарнобыльскай трагедыі», падрыхтаванай Дзяржаўным архівам Мінскай вобласці. На выставачных банэрах прадстаўлены дакументы з фондаў дзяржархіва. Асноўная задача выставы – захаваць памяць аб трагедыі, мужнасці ліквідатараў і лёсе пацярпелых рэгіёнаў, асэнсаваць доўгачасовыя наступствы і далікатнасць свету.

Падчас мерапрыемства быў прадэманстраваны дакументальны фільм «Чарнобыль: хронікі трагедыі», прадстаўлены Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў (БДАКФФД).

Чарнобыльская аварыя працягвае прысутнічаць у жыцці тысячы жыхароў Беларусі, як частка іх мінулага і сучаснасці.

На фота: Падчас мерапрыемства