«Скарбніца» БДАМЛМ на XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе—кірмашы

20 сакавіка 2026 года на XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе—кірмашы адбылася прэзентацыя выдання Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) «Скарбніца нацыянальнай літаратуры i мастацтва».

Скарбніца, надрукаваная ў 2025 г., прадстаўляе найбольш цікавыя і рэдкія дакументы і музейныя прадметы, што захоўваюцца ў БДАМЛМ. Сярод іх – аўтографы з калекцыі А.К.Ельскага, рукапісны варыянт часопіса «Гоман», рукапісы, фатаздымкі і прадметы аддзела рукапісаў беларускага музея Івана Луцкевіча ў Вільні, шматлікія візуальныя, эпісталярныя і творчыя крыніцы з фондаў беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, рэжысёраў і актораў.

Першае выданне «Скарбніцы» убачыла свет у 2010 г. і хутка ператварылася ў букіністычны рарытэт. Другое выданне было істотна перапрацавана. У яго былі дададзены дакументы прадстаўнікоў кінамастацтва, нотныя рукапісы, эскізы, пашыраны спіс пісьменнікаў і мастакоў, чые матэрыялы ўзбагачаюць агульнае ўяўленне аб дзеячах беларускай культуры двух мінулых стагоддзяў.

У прэзентацыі прынялі ўдзел аўтары-укладальнікі А.А.Макаранка, Т.В.Кекелева, В.В.Біруля, рэдакцыйная калегія выдання, а таксама спецыяльна запрошаныя госці, спецыялісты па гісторыі архівазнаўства, літаратуры і мастацтва – пісьменнік У.С.Ліпскі, прафесар БДУ М.Ф. Шумейка, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея А.В.Трафімчык.

Падчас свайго выступлення аўтар-укладальнік і дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка адзначыла, што «Скарбніца» адлюстроўвае плённую працу некалькі пакаленняў работнікаў архіва-музея, распавяла пра сучасны стан БДАМЛМ, які адзначыў у 2025 г. сваё 65-годдзе, і запрасіла творчых асоб і даследчыкаў далучацца да шэрагаў яго карыстальнікаў.

Прэзентацыя не засталася па-за ўвагай прэсы. З паведамленнем агенцтва навін БЕЛТА «Кнігу аб фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва прэзентавалі ў Мінску» можна пазнаёміцца тут.

 

1. «Скарбніца нацыянальнай літаратуры i мастацтва» у цэнтры ўвагі
2. Стваральнікі і госці «Скарбніцы» на сцэне
3. Выступае А.А.Макаранка
4. Выступае Т.В.Кекелева
5. Выступае М.Ф.Шумейка
6. Выступае У.С.Ліпскі
7. Выступае А.В.Трафімчык
8. Стваральнікі і госці «Скарбніцы» на сцэне
9. Госці кніжнага кірмаша падчас прэзентацыі