Кніжна-дакументальная выстава «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці» (да 130-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы

20 лютага 2026 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (далей – НББ) адкрылася сумесная з Нацыянальным архiвам Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) кніжна-дакументальная выстава «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці», прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння аднаго з самых яркіх прадстаўнікоў сатырычнага напрамку ў нацыянальнай літаратуры, выдатнага беларускага драматурга, прозаіка, байкапісца, перакладчыка, літаратуразнаўца, Народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Кандратавіча Атраховіча (Кандрата Крапівы).

НАРБ на выставе прадставіў найбольш цікавыя і значныя дакументы з архіўных фондаў. Гэта матэрыялы, звязаныя з дзяржаўнай і партыйнай дзейнасцю К.К.Крапівы (Атраховіча): Пастановы Прэзідыума ЦК КПБ, пратаколы пасяджэнняў Бюро ЦК КПБ аб яго прызначэннях, загад Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні медалём «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені, плакаты-біяграфіі кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР К.К.Атраховіча, пасведчанне аб абранні яго дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, асабісты лісток дэпутата Вярхоўнага Савета БССР К.К.Атраховіча (Крапівы), фотаздымкі членаў дэлегацыі БССР на канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска. Наведвальнікі выставы змогуць убачыць асабістую справу студэнта педфака БДУ К.К.Атраховіча (Крапівы), датаваную 1925 годам, з яго аўтабіяграфіяй, пасведчаннем аб нараджэнні і фотаздымкам тых гадоў.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць кнігі, прадстаўленыя НББ. Сярод каштоўных экспанатаў – першыя зборнікі сатыры Кандрата Крапівы «Остё» (1925) і «Крапіва» (1925), з алегарычным вершам «Крапіва» (1922), які даследчыкі называюць яго паэтычнай дэкларацыяй. Таксама экспануюцца газетныя публікацыі першых вершаваных сатырычных фельетонаў, размешчаных у газетах «Чырвонаармейская праўда» і «Савецкая Беларусь» у 1922 годзе.

Творчасць К.Крапівы прывяла яго і ў тэатр – доўгі час там былі папулярныя яго п’есы. Творы Крапівы ставіліся на сцэне многіх тэатраў СССР. Толькі ў Беларускім акадэмічным тэатры імя Я.Купалы спектаклі па яго п’есах паказвалі каля васьмісот разоў. Найбольшы поспех прынесла пісьменніку камедыя «Хто смяецца апошнім» (1939), якая па праву лічыцца адной з лепшых у еўрапейскай камедыяграфіі ХХ стагоддзя. Больш за восемдзесят тэатраў ставілі гэтую п’есу, пасля вайны яе экранізавалі.

К.К.Атраховіч быў таксама выдатным вучоным-мовазнаўцам, стваральнікам шматлікіх слоўнікаў.

Выданні і дакументы згрупаваныя на выставе ў храналагічным парадку, каб кожны наведвальнік меў магчымасць праз кнігі, фотаздымкі і архіўныя матэрыялы ўявіць гісторыю жыцця і творчасці Кандрата Кандратавіча, адчуць і наглядна ўбачыць вынікі яго працы.

Кніжна-дакументальная выстава «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці» – гэта дыялог з вялікім пісьменнікам, чые думкі застаюцца актуальнымі і сёння.

 

1. Афіша выставы
2. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з выставай «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці»
3. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з выставай «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці»
4. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з выставай «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці»
5. Архіўныя дакументы на выставе
6. Архіўныя дакументы на выставе
7. Архіўныя дакументы на выставе