20 сакавіка 2018 года адбылося адкрыццё фотадакументальнай выставы «Хатынь – святыня нацыянальнай памяці»
20 сакавіка 2018 года адбылося адкрыццё фотадакументальнай выставы «Хатынь – святыня нацыянальнай памяці» да 75-годдзя з дня трагедыі беларускай вёскі Хатынь, спаленай разам з жыхарамі фашысцкімі акупантамі 22 сакавіка 1943 г.
У памятным мерапрыемстве прынялі ўдзел спецыялісты — прадстаўнікі архіўнай галіны, Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вышэйшых навучальных устаноў, гісторыкі, музеязнаўцы. Сярод іх: член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук А. А. Каваленя, вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны В. М. Надтачаеў, дырэктар фонду «Гістарычная памяць» А. Р. Дзюкаў.
Адкрыў выставу дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Віктар Іосіфавіч Кураш. Я шмат разоў чуў: «Вам, беларусам, нічога не трэба, толькі б вайны не было». Але ж, па вялікім рахунку, адсутнасць вайны – гэта найважнейшы фактар, дзякуючы якому мы можам жыць, працаваць… Вайна – гэта не кампутарныя гульні, а слёзы, гвалт, кроў, смерць… Да Хатынскай тэме мы не раз яшчэ будзем вяртацца.
Аснову экспазіцыі складаюць дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія падрабязна раскрываюць злачынства гітлераўскіх акупантаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва вёскі Хатынь. Гэта дакументы беларускіх партызанскіх фарміраванняў, нямецкія справаздачы аб падзеях таго дня, паказанні былых карнікаў і сведкаў іх злачынстваў.
На выставе прадстаўлены акты і спісы ахвяр, якія сведчаць аб тым, што Хатынь была не адзінай вёскай, знішчанай гітлераўцамі: за перыяд акупацыі 1941-1944 гг. 628 беларускіх вёсак падзялілі лёс Хатыні – былі спалены разам з насельніцтвам, 186 з іх не адрадзіліся пасля вайны.
Тэма спаленых у гады акупацыі беларускіх вёсак, і Хатынскай трагедыі ў прыватнасці, знайшла адлюстраванне ў шэрагу зборнікаў дакументаў і матэрыялаў, падрыхтаваных работнікамі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: «Хатынь: трагедыя і памяць», «Хатынскі некропаль», «Хатынскія Дрэвы жыцця», «Трагедыя беларускіх вёсак», «Спаленыя вёскі Беларусі», «Спаленыя вёскі Расіі». Усе гэтыя выданні былі прадстаўлены ў экспазіцыі.
Па словах дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэя Дземянюка, выданне падобных матэрыялаў дасць магчымасць не толькі даведацца новыя гістарычныя факты, але і данесці іх маладому пакаленню.
– Мы будзем працягваць даследаваць гэтую тэму, выдаваць і папулярызаваць новыя зборнікі не толькі для шырокага кола гісторыкаў і архівістаў. І тое, што на нашай прэзентацыі сёння прысутнічаюць дзеці, кажа пра многае.
У стварэнні выставы прынялі ўдзел Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь», Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў і Занальны дзяржаўны архіў у г. Барысаве.
Выстава прадстаўлена ў двух варыянтах: стацыянарная – дакументы прадстаўленыя ў вітрынах, і перасоўная – лічбавыя копіі дакументаў і фатаграфій на васьмі банэрах.