БДАМЛМ наведаў выставу фотадакументаліста Юрыя Сяргеевіча Іванова «Ах, вернісаж, ах, вернісаж…»

29 ліпеня 2025 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) на чале з дырэктарам А.А.Макаранка наведалі выставу нашага фондаўтваральніка, фотамастака, заслужанага журналіста Беларускага саюза журналістаў Юрыя Сяргеевіча Іванова.

Са сценаў доўгага калідора другога паверха Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на нас з кожнай фатаграфіі ў рамках глядзяць твары вядомых акцёраў, рэжысёраў, скульптараў, мастакоў, пісьменнікаў, архітэктараў, здымкі якіх былі зроблены Юрыем Сяргеевічам у 1960-1970-х гг.

Выстаўка-вернісаж фотадакументаліста Ю.С.Іванова складаецца з трох раздзелаў – «Ветэраны», дзе прадстаўлены амаль трыццаць фатаграфій удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, «Творцы» – гэта партрэты дзеячаў беларускай культуры і іх асабістыя афарызмы пра сябе, жыццё, стаўленне да мастацтва, «Будні» — свайго роду справаздача аб дзейнасці Цэнтра, у якой праводзяцца сустрэчы, сходы, узнагароджанні ўдзельнікаў конкурсаў. Як правіла, пасля такіх сустрэч Юрый Сяргеевіч са сваіх фатаграфій робіць фотакалажы – партрэты ўдзельнікаў, моманты абмеркавання, дакументы.

Раздзел «Творцы» на гэтай выставе з’яўляецца самым уражлівым па колькасці партрэтных здымкаў і па эмацыйна-псіхалагічным успрыманні. Сярод іх партрэты народнага пісьменніка БССР Івана Паўлавіча Мележа, зроблены роўна 65 гадоў таму, народных артыстак БССР Таццяны Міхайлаўны Каламійцавай і Наталлі Віктараўны Гайды, народнага мастака Беларусі, скульптара Уладзіміра Іванавіча Слабодчыкава і многіх іншых.

Дзякуем Юрыю Сяргеевічу Іванову за яго творчую працу і магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі стваральнікамі нашай беларускай культуры.

 

1. Падчас сустрэчы з Ю.С.Івановым
2. Ю.С.Іваноў, У.С.Ліпскі, А.А.Макаранка на выставе
3. Падчас правядзення экскурсіі па выставе
4. Падчас правядзення экскурсіі па выставе