Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці прыняў удзел у мерапрыемствах на Кургане Славы

9 мая мемарыяльны комплекс «Курган Славы» па традыцыі стаў галоўнай пляцоўкай маштабнага святкавання Дня Перамогі ў Мінскай вобласці. Кветкі да падножжа мемарыяла ўсклалі губернатар Аляксей Кушнарэнка, намеснік міністра абароны Аляксандр Навуменка, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі і госці святкавання. Памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі хвілінай маўчання.

На пляцоўках ля Кургана Славы былі разгорнуты выставачныя экспазіцыі раёнаў Міншчыны, музей пад адкрытым небам, выставы зброі і ваеннай тэхнікі, палявая кухня, дэгустацыя хлеба па ваенных рэцэптах і шмат іншага.

Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці прадставіў удзельнікам і гасцям свята выстаўкі архіўных дакументаў: «Мінская вобласць – сэрца вялікай Беларусі» адлюстроўвае гісторыю цэнтральнага рэгіёну з моманту яго ўтварэння, «Генацыд мірнага насельніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны» нагадвае пра страшную трагедыю, якая абрушылася на жахароў у перыяд акупацыі. Асаблівую цікавасць удзельнікаў свята выклікала выстава «Мемарыяльны комплекс «Курган Славы», дакументы якой расказваюць аб узвядзенні і адкрыцці гэтага памятнага месца.

Таксама ў рамках агульнай экспазіцыі абласных архіваў была прадстаўлена выстава Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечне, якая расказвае пра генацыд беларускага народа ў гады вайны на тэрыторыі Маладзечанскага, Вілейскага, Валожынскага і Мядзельскага раёнаў.

На фота: падчас святочных мерапрыемстваў на Кургане Славы