«Гістарычная спадчына і ўмацаванне нацыянальнага адзінства»: Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна прэзентаваў сваю працу на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Екацярынбургу

16 красавіка 2025 года ў Екацярынбургу адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «1941-1945. Памяць жывая». Асноўнымі арганізатарамі форуму выступілі ўпраўленне архівамі Свярдлоўскай вобласці і Міністэрства культуры Свярдлоўскай вобласці. Мерапрыемства праходзіла на некалькіх пляцоўках і аб’яднала расійскіх і беларускіх спецыялістаў у імкненні да захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. У секцыі «Гістарычная спадчына і ўмацаванне нацыянальнага адзінства», арганізаванай у Свярдлоўскім абласным краязнаўчым музеі імя А.Я.Клера, прынялі ўдзел 20 дакладчыкаў, сярод якіх – дырэктар занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна Іна Пудакевіч.

Адкрываючы канферэнцыю, дырэктар музея Аляксандр Емяльянаў адзначыў: «Гэтая добрая і важная нагода — 80-годдзе Перамогі — аб’ядноўвае нас як адзін народ, робячы сапраўднымі патрыётамі і захавальнікамі айчыннай гісторыі. Сёння, калі з намі ўжо няма ветэранаў, менавіта мы, музейшчыкі, архівісты, бібліятэкары, павінны перадаваць памяць пра вялікае пакаленне, якое атрымала перамогу ў самай страшнай вайне. Няхай наша сустрэча стане яшчэ адным крокам у гэтай высакароднай справе».

У сваім дакладзе «Жывая памяць: выхаванне патрыятызму праз гістарычную праўду» Іна Пудакевіч падзялілася вопытам работы з архіўнымі дакументамі, падкрэсліўшы значэнне сучасных методык і тэхналогій для патрыятычнага выхавання моладзі. У той жа час, адной з ключавых задач, на думку Іны Зянонаўны, з’яўляецца выкрыццё міфаў і скажэнняў, якія распаўсюджваюцца ў лічбавую эпоху, дзе інфармацыя лёгка паддаецца маніпуляцыям.

Выступленне Пудакевіч падкрэсліла, што гарманічнае спалучэнне архіўнай навукі, тэхналогій і адукацыйных ініцыятыў здольна не толькі прыцягваць і натхняць моладзь, але і служыць магутным інструментам умацавання нацыянальнага адзінства. Сумесная праца дазваляе не проста захоўваць гісторыю, але і ствараць эмацыйную сувязь паміж рознымі пакаленнямі, аб’ядноўваючы грамадства вакол агульнай памяці і павагі да гераічнага мінулага.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «1941-1945. Памяць жывая», якая прайшла ў Екацярынбургу, паказала: памяць аб гераічным мінулым патрабуе пастаянных намаганняў для яе захавання і перадачы, што магчыма толькі дзякуючы сумеснай і зладжанай працы.

 

1. Дырэктар Занальнага дзяржархіва ў г.Маладзечне і супрацоўнікі аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў перад канферэнцыяй.
2. Дыстанцыйнае выступленне І.З.Пудакевіч.
3. Падчас навукова-практычнай канферэнцыі.