21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы
Штогод 21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы, які быў абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Дні роднай мовы ў Беларусі пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі з 2009 года.
Гэта асаблівы дзень, каб нагадаць пра важнасць кожнай мовы, кожнага слова, кожнага адцення, якія складаюць багатую палітру культур чалавецтва.
Беларуская мова – гэта не проста сродак камунікацыі, гэта душа нашага народа, код нашай культуры, скарбніца гісторыі. Менавіта праз мову мы перадаем з пакалення ў пакаленне традыцыі, звычаі, духоўныя каштоўнасці.
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) захоўвае ў сваіх фондах неацэнныя помнікі беларускай літаратуры і мастацтва, створаныя на роднай мове. Гэта друкаваныя выданні, рукапісы, лісты, дакументы творчага характару выдатных беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, кампазітараў, акцёраў і іншых дзеячаў культуры, якія сваёй творчасцю ўслаўлялі родную зямлю і родную мову.
У Міжнародны дзень роднай мовы БДАМЛМ заклікае ўсіх:
– Шануйце і любіце беларускую мову!
– Размаўляйце па-беларуску ў сям’і, на працы, у грамадскіх месцах!
– Чытайце беларускую літаратуру!
– Наведвайцеся ў БДАМЛМ, каб дакрануцца да багацця беларускай культуры!
З Міжнародным днём роднай мовы!