У Дзяржархіве ў г.Глыбокае адбыўся практычны занятак для ўдзельнікаў праекту «Юны архівіст»
15 лютага 2025 года ў Дзяржархіве ў г.Глыбокае для ўдзельнікаў праекта «Юны архівіст» адбыўся практычны занятак па складанні генеалагічнага дрэва.
У якасці хатняга задання вучням было прапанавана падрыхтаваць інфармацыю аб месцах пражывання сваякоў, звесткі аб якіх яны хацелі б атрымаць.
Загадчык аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Таццяна Аўласава паказала дзецям, як з дапамогай геаграфічнага паказальніка да пагаспадарчых кніг выбраць неабходныя для работы справы. Затым вучні самастойна ажыццявілі пошук спраў у архівасховішчы.
І, нарэшце, наступіў самы захапляльны момант урока, калі дзеці дакрануліся да гісторыі сваіх продкаў. З вялікай цікавасцю яны гарталі старонкі пагаспадарчых кніг у пошуку знаёмых прозвішчаў і імёнаў.
Пасля ўрока вядучы архівіст групы НТА Аліна Юргель пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з інфармацыйным стэндам, аформленым да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
На фота: Супрацоўнікі архіва праводзяць мерапрыемства для ўдзельнікаў праекту «Юны архівіст»