БДАКФФД на сумеснай выставе «Два майстры. Два сябры»
Работнікі ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» (далей – БДАКФФД) прынялі ўдзел у адкрыцці выстаўкі «Два майстры. Два сябры», падрыхтаванай сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз кінематаграфістаў» і Мастацкай галерэяй імя Міхаіла Савіцкага. Адкрыццё адбылося 31 кастрычніка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Выстаўка, прымеркаваная да 100-годдзя беларускага кіно і 30-годдзя саюза кінематаграфістаў, прысвечана творчасці мастакоў тэатра і кіно заслужанага дзеяча мастацтваў Вячаслава Рыгоравіча Кубарава і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Яўгена Аляксеевіча Ігнацьева, усё творчае жыццё якіх было звязана з Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм».
Яўген Ігнацьеў у якасці мастака працаваў на здымках фільмаў «Трэцяя ракета», «Магіла льва», «Людзі на балоце», «Чорнае сонца», Вячаслаў Кубараў – на здымках кінакарцін «Чорны бусел», «Круглянскі мост», «Альпійская балада». Абодва майстры працавалі пры вытворчасці фільмаў, якія сталі знакавымі для беларускага кіно, прынеслі айчыннаму кінематографу шырокую вядомасць у тым ліку на міжнародным узроўні, упадабаліся многім пакаленням гледачоў.
Выставачная экспазіцыя ўключае карціны Я.Ігнацьева і В.Кубарава, а таксама фатаграфіі. У рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж БДАКФФД і Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз кінематаграфістаў» для афармлення выставачнай экспазіцыі былі перададзены лічбавыя копіі фотадакументаў, якія ілюструюць працу мастака Я.Ігнацьева на здымачных пляцоўках.
Выстаўка размяшчаецца ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага па адрасе плошча Свабоды 15, і будзе працаваць да 24 лістапада.
![]() |
1. Удзельнікі адкрыцця выстаўкі «Два сябра» ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, 1 лістапада 2024 г., г.Мінск; |
![]() |
2. Выставачны стэнд Я.А.Ігнацьева на выставе «Два сябры» ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, 1 лістапада 2024 г., г.Мінск; |
![]() |
3. Падчас адкрыцця выстаўкі «Два сябры» ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, 1 лістапада 2024 г., г.Мінск; |
![]() |
4. Падчас адкрыцця выстаўкі «Два сябры» ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, 1 лістапада 2024 г., г.Мінск. |