Аб правядзенні ўстановай «Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці» мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства для тэрытарыяльных аддзелаў прымусовага выканання Гродзенскай вобласці

13 верасня 2024 года напярэдадні 85-годдзя з дня ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР дырэктар архіва грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці Л.Горбач правяла мерапрыемства ідэалагічнай накіраванасці з супрацоўнікамі тэрытарыяльных аддзелаў прымусовага выканання Гродзенскай вобласці.

У прэзентацыі «17 верасня ў лёсе беларускага народа» прадстаўлены архіўныя дакументы, якія адлюстроўваюць падзеі гэтага няпростага перыяду. На фатаграфіях і кадрах кінахронікі – эпізоды, звязаныя з уваходам на тэрыторыю Заходняй Беларусі частак Чырвонай Арміі і сустрэчай іх мясцовымі жыхарамі, аграрнымі пераўтварэннямі, выбарамі ў Народны сход Заходняй Беларусі і інш.

17 верасня 1939 г.стала адпраўным пунктам новага развіцця нашай дзяржавы, аб’яднаўшы, а дакладней вярнуўшы ва ўлонне сям’і, заходнія тэрыторыі Беларусі. На вызваленых заходне-беларускіх землях былі створаны ўмовы для будаўніцтва новага жыцця. З гэтага часу нацыянальнае адзінства стала найважнейшай перадумовай для далейшага нацыянальна-дзяржаўнага развіцця, агульнага паступальнага руху да прагрэсу.

У рамках мерапрыемства таксама быў прадэманстраваны фільм «Уз’яднанне», падрыхтаваны ўстановай «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» да мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства.