Удзел супрацоўнікаў НАРБ у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі

12 чэрвеня 2024 г.на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Вялікая Айчынная вайна ў лёсе беларускага народа (да 80-годдзя правядзення беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён» і вызвалення Беларусі)».

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся дэкан гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта д.г.н., прафесар А.Г.Каханоўскі, а таксама намеснік дэкана, кіраўнік вучэбна-навуковага напрамку «Беларусазнаўства, гісторыя Беларусі і беларускай дыяспары», кіраўнік лабараторыі гісторыі дыяспар і міграцыі гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава, к.г.н., дацэнт А.В.Салопава.

У рамках канферэнцыі на пленарным пасяджэнні выступіў намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, к.г.н. С.В.Кулінок з дакладам «Ілжэпартызанскія фарміраванні на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

У навуковай частцы навукова-практычнай канферэнцыі прынялі ўдзел вядучыя архівісты аддзела фондаў асабістага паходжання Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, аспіранты Т.I.Брылёва з дакладам «Матэрыяльнае становішча і забеспячэнне беларусаў, эвакуяваных з Польшчы ў БССР у 1944-1947 гг». (секцыя «Беларусь і свет у перыяд пасляваеннага аднаўлення») і У.А.Калабаева з дакладам «Агітацыя і прапаганда ў БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны» (секцыя «Армія і тыл у барацьбе з нацызмам. Ваенна-стратэгічнае значэнне аперацыі «Баграціён»). Да працы секцый далучыліся даследчыкі з Расіі, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана, Узбекістана і Туркменістана.

 

1. Праграма Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Вялікая Айчынная вайна ў лёсе беларускага народа (да 80-годдзя правядзення беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён» і вызвалення Беларусі)»
2. Намеснік дырэктара НАРБ, к.г.н. С.В.Кулінок з удзельнікамі пленарнага пасяджэння канферэнцыі – д.г.н., прафесарам У.С.Кашалёвым, д.г.н., прафесарам А.Г.Каханоўскім, к.г.н., дацэнтам А.А.Яноўскім
3. Выступленне намесніка дырэктара НАРБ, к.г.н. С.В.Кулінка