БДАМЛМ віншуе з Днем абароны дзяцей!
Першага чэрвеня святкуецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Ён пачаў адзначацца з 1950 года, але ўвага да дзяцей у грамадстве была заўсёды, у тым ліку і з боку творчых людзей і асабліва пісьменнікаў. Для дзяцей і пра дзяцей пішацца безліч мастацкіх твораў. Між тым трэба прыпомніць, што бывалі ў гісторыі выпадкі, калі адчуваўся нават недахоп твораў для дзяцей і даводзілася напамінаць пра гэта, заахвочваць творцаў зацікавіцца дзіцячай тэматыкай.
У 30-я гады ХХ стагоддзя і Міхась Лынькоў стаў вядомы як дзіцячы пісьменнік. Ён неаднаразова выказваў заклапочанасць, што ў той час мала пісалася аб дзецях і для дзяцей. Быў адным з ініцыятараў Усебеларускага конкурса на лепшую кнігу для дзяцей, які праводзіўся ў 1932 г. Выступаючы на вечары дзіцячай кніжкі, М. Лынькоў нават кінуў заклік: «На працягу 1931 года кожны пісьменнік павінен у абавязковым па¬радку даць хоць бы адзін мастацкі твор, напісаны спецыяльна для дзяцей» (//»Звязда», 1931 г., 25 сакавіка). І сам падаў прыклад. Неўзабаве пісьменнік выступіў у друку з творамі, адрасаванымі юнаму пакаленню. У 1935 г. выйшла ў свет вялікае, блізкае да аповесці апавяданне для дзяцей «Янка-парашутыст». У тым жа годзе газета «Літаратура і мастацтва» пазнаёміла чытачоў з урыўкамі з новых аповесцей М. Лынькова «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» і «Міколка-паравоз». Першая з іх у 1935 г. была поўнасцю надрукавана ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», другая – у 1936 г., а ў 1937 г. гэтыя творы выйшлі асобным выданнем і адразу ж атрымалі станоўчы водгук у друку.
Асобай папулярнасцю карысталася аповесць «Міколка-паравоз», у якой пісьменнік апавядаў пра жыццё ў гады рэвалюцыі 1917 года і Грамадзянскай вайны хлопчыка Міколкі, сына чыгуначніка. Бацька Лынькова таксама працаваў на чыгунцы, пісьменнік добра ведаў пра што пісаў, але аповесць далёка не аўтабіяграфічная. Міколка – дапытлівы, кемлівы і адважны хлопчык. Ён дапамагае партызанам, нават выратоўвае іх у складаных сітуацыях. Па аповесці ставіліся спектаклі, была зроблена інсцэніроўка для радыё, а ў1957 годзе выйшаў на экраны фільм «Міколка-паравоз», пастаўлены па сцэнарыю М. Лынькова і М. Садковіча (рэжысёр Л. Голуб).
3 часу публікацыі аповесці «Міколка-паравоз» усеагульная любоў дзяцей нязменна акружала імя М. Лынькова. У апошнія дзесяцігоддзі жыцця пісьменніка кожнае лета да яго на дачу на Нарач прыязджалі шматлікія экскурсіі школьнікаў, неаднаразова выступаў Міхаіл Ціханавіч у школах.
Міхась Лынькоў і надалей застаўся ў творчасці прыхільнікам тэмы дзяцінства. У яго даваенных апавяданнях «Пра хлопчыка Яську», «Ядвісін дуб», «Дай звёздачку» гэтая тэма знайшла працяг. Ен адным з першых у беларускай літаратуры пачаў пісаць пра дзяцей, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якія зведалі жахі фашызму, якія праявілі гераізм у барацьбе з ворагам (апавяданні «Васількі», «Дзіцячы башмачок», «Ірына», «Недапетые песні»). Пасля вайны, знаходзячыся за мяжой у складзе беларускай дэлегацыі ў ААН, Міхась Лынькоў звярнуў увагу на тое, як жывуць дзеці ў ЗША. Пра гэта ён пісаў у апавяданнях «Чорная пляма», «Джавані», «Цана крыві».
Падчас сустрэч з дзецьмі ў школах і піянерскіх лагерах Міхась Лынькоў неаднаразова чуў прапановы працягнуць гісторыю Міколкі-паравоза ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ен і жартам, і ўсур’ёз гаварыў, што Міколка да моманту вайны ўжо не быў падлеткам і паабяцаў напісаць новы твор для дзяцей. Але праца над эпапеяй «Векапомныя дні» адабрала шмат часу і яму не ўдалося выканаць сваё абяцанне.
Сёння ў беларускай літаратуры працуе шмат аўтараў, якія пішуць для дзяцей і пра дзяцей. Сярод іх наша абаяльная супрацоўніца, вядучы архівіст аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, празаік і драматург, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі Наталля Георгіеўна Пусцільнік-Марчук. Яе кніга казак па беларускіх легендах «Ночные сказки Полесья» ужо шэраг гадоў карыстаецца вялікай папулярнасцю. Яе п’есы з нязменным поспехам ідуць у тэатрах Беларусі і Расіі. Самая вядомая з іх – «Цётухна прастуда і Новы год».
Дарагія дзеці, паважаныя дарослыя! Калектыў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва віншуе Вас са святам! Будзьце шчаслівыя ў жыцці, і хай лета і летнія вакацыі будуць напоўнены радасцю!
![]() |
Фота 1. Міхась Ціханавіч Лынькоў |
![]() |
Фота 2. Вокладка кнігі Міхася Лынькова «Міколка-паравоз» |
![]() |
Фота 3. Наталля Георгіеўна Пусцільнік-Марчук і яе кнігі |