Супрацоўнікі дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці прынялі ўдзел у адкрыцці выставы «Франтавы малюнак»

3 мая 2024 года ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, супрацоўнікі ўстановы «Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці» прынялі ўдзел у адкрыцці выставы «Франтавы малюнак», якое адбылося ў паўднёвай галерэі палаца Румянцавых і Паскевічаў.

Выставачны праект рэалізуецца ў рамках супрацоўніцтва Палацава-паркавага ансамбля з Цэнтральным музеем Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі (Масква).

На выставе прадстаўлены лічбавыя копіі франтавых малюнкаў, аўтарамі якіх з’яўляюцца вядомыя расійскія мастакі ХХ стагоддзя. У ліку аўтараў народны мастак СССР М.М. Жукаў (1908-1973), П. А. Крываногаў (1911-1967).

Франтавыя малюнкі, ахопліваюць перыяд з 1941 па 1945 год і адлюстроўваюць самыя розныя бакі ваеннага жыцця: прыфрантавую Маскву і абложаны Ленінград, падпалены Сталінград і разбураны Курск, баі за выгнанне акупантаў з савецкіх рэспублік, вызваленне Еўропы і падзенне Берліна.