16 красавіка 2024 г. Беларускім навукова-даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы і Беларускай натарыяльнай палатай праведзены навучальны семінар на тэму: «Асноўныя змяненні ў арганізацыі і вядзенні справаводства ў святле новай рэдакцыі Інструкцыі па справаводстве ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях»

Семінар працягнуў серыю навучальных мерапрыемстваў, арганізаваных БелНДІДАС у рамках выканання даручэнняў Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь С.М.Хаменкі і дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінава, накіраваных на ўдасканаленне патрабаванняў да дакументавання і арганізацыі работы з дакументамі, тлумачэнне нормаў новай рэдакцыі Інструкцыі па справаводстве ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях.

У якасці слухачоў у семінары прынялі ўдзел работнікі цэнтральнага апарата Беларускай натарыяльнай палаты, тэрытарыяльных натарыяльных палат і натарыяльных архіваў, усяго больш за 40 чалавек. Спікерамі ад БелНДIДАС выступілі дырэктар інстытута канд. гіст. навук, дацэнт А.Я.Рыбакоў, загадчык аддзела дакументазнаўства А.В.Шумская, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела дакументазнаўства канд. гіст. навук К.П.Дзярновіч.

На семінары былі разгледжаны чатыры асноўныя тэматычныя блокі пытанняў.

У рамках тэмы «Сфера прымянення Інструкцыі па справаводстве. Арганізацыйнае і прававое забеспячэнне справаводства» былі разгледжаны пытанні складу дакументаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне Інструкцыі па справаводстве, парадку вядзення справаводства ў структурных падраздзяленнях з правамі юрыдычнай асобы, адасобленых структурных падраздзяленнях, распрацоўкі інструкцый па справаводстве арганізацый, тыпавых і прыкладных інструкцый па справаводстве.

Пры разглядзе тэмы «Змяненні ў дакументаванні кіраўніцкай дзейнасці. Арганізацыя дакументаабароту» асаблівая ўвага была нададзена відам і парадку прыняцця (выдання) распарадчых дакументаў у дзяржаўных органах, дзяржаўных і недзяржаўных арганізацыях, парадку афармлення рэквізітаў дакументаў, у тым ліку што накіроўваюцца па электроннай пошце і з дапамогай інфармацыйных сістэм ведамаснага (карпаратыўнага) дакументаабароту і СМДА, парадку рэгістрацыі ўваходзячых, выходзячых і ўнутраных дакументаў, складзе абавязковых і дадатковых рэквізітаў, якія адлюстроўваюцца ў рэгістрацыйна-кантрольных формах, тэрмінах рэгістрацыі, разгляду і выканання дакументаў.

У рамках тэмы «Наменклатура спраў арганізацыі і парадак яе складання. Значэнне наменклатуры спраў у фарміраванні архіва арганізацыі» былі прааналізаваны віды наменклатур спраў, змяненні ў форме наменклатуры спраў арганізацыі і парадак яе запаўнення, методыка вызначэння тэрмінаў захоўвання дакументаў, парадак знішчэння дакументаў са скончанымі тэрмінамі захоўвання і яго дакументальнага афармлення.

Пры аналізе пытанняў тэматычнага блока «Асаблівасці працы з дакументамі ў электронным выглядзе» акцэнт быў зроблены на абноўленых патрабаваннях да фарматаў файлаў, у якіх дапускаецца стварэнне і захоўванне дакументаў у электронным выглядзе, у тым ліку электронных дакументаў, магчымасцях выкарыстання шаблонаў дакументаў у электронным выглядзе, умовах, пры якіх дапускаецца захоўванне дакументаў у электронным выглядзе без папяровых аналагаў.

Удзельнікі семінара высока ацанілі ўзровень праведзенага мерапрыемства, падкрэслілі важнасць і актуальнасць пытанняў, разгледжаных на семінары, выказалі ўдзячнасць лектарам і арганізатарам.

 

1. Пад час работы семінара
2. Слухачы семінара
3. Перад слухачамі выступае К.П.Дзярновіч
4. Перад слухачамі выступае А.Я.Рыбакоў
5. Слухачы семінара