Удзел БДАКФФД у грамадска-палітычным марафоне «17 граняў адзінства»
Напярэдадні Дня народнага адзінства Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» сумесна з аднайменнай партыяй арганізавалі палітычны марафон «17 граняў адзінства». У гэтым годзе ён пройдзе ў семнаццаці гарадах у розных абласцях нашай краіны. Старт марафону быў дадзены 6 верасня ў Дзяржынску.
Дыялогавая пляцоўка адбылася ў Дзяржынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для абмеркавання важных для беларускага народа пытанняў былі запрошаны грамадскія дзеячы, лідэры і актыў РГА і партыі «Белая Русь», педагогі і навучэнцы старэйшых класаў.
На дыялогавай пляцоўцы была разгледжана актуальная для сучаснасці тэма – «Выклікі і пагрозы палітычнай стабільнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь: асноўныя напрамкі процідзеяння». У якасці першага спікера выступіла член цэнтральнага савета Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі», член прэзідыума Беларускага саюза жанчын Мінскай вобласці Юлія Арцюх.
У мерапрыемстве ўдзельнічаў пракурор Дзяржынскага раёна Уладзімір Непакупны. Ён закрануў тэму генацыду, якая застаецца актуальнай ужо працяглы час.
– Ужо праведзена нямала расследаванняў крымінальнай справы па генацыдзе, – паведаміў пракурор. – Аднак праца працягваецца. Мы будзем абавязкова інфармаваць грамадства аб тым, што адбываецца.
Усім прысутным быў прапанаваны да прагляду дакументальны фільм з фондаў БДАКФФД «Біяграфія маёй краіны. Мінск», які з’яўляецца першым у праекце «Адкрыты кінаархіў» у кінатэатрах. Галоўны захавальнік фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Ала Кот, расказала аб неабходнасці патрыятычнага выхавання моладзі.
– Ісціна ў архівах! Мы адкрыты для дэманстрацыі сваіх дакументаў, адкрыты для дыялогу. Бо калі мы ў адзіным парыве будзем расказваць пра сапраўдныя гістарычныя факты, іх немагчыма будзе інтэрпрэтаваць няправільна.
Падзяліўся сваімі думкамі і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама Яўген Скарабагаты. Ён закрануў тэму колькасці насельніцтва і развіцця чалавечага патэнцыялу краіны, а таксама адказаў на пытанні ўдзельнікаў дыялогу.
Першая дыялогавая пляцоўка, на якой узнімалася нямала важных пытанняў, паспяхова адбылася. У хуткім часе падобныя сустрэчы пройдуць у Вілейцы, Жодзіне і іншых гарадах усіх абласцей краіны.
![]() |
Падчас правядзення палітычнага марафону «17 граняў адзінства» |
![]() |
Галоўны захавальнік фондаў установы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» падчас удзелу ў палітычным марафоне «17 граняў адзінства» |
![]() |
Падчас дыскусіі на дыялогавай пляцоўцы палітычнага марафону «17 граняў адзінства» |