У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва завершана навуковае апісанне фонду № 530 (вопіс № 1) эсперантыста, перакладчыка, літаратуразнаўца, журналіста, медыка Дзмітрыя Снежкі

Снежка Дзмітрый Сямёнавіч (псеўданімы Зьм. Белы, Д. Белый, крыптанімы Б., Б–ы, Д. С., З. Б., З. С., Зьм. С–ка) нарадзіўся 11 (24) верасня 1903 г. у Оршы. Яшчэ падлеткам рэгулярна наведваў сходы гуртка эсперантыстаў, дзе дасканала авалодаў мовай эсперанта. У 1922–1929 гг. вучыўся на медыцынскім факультэце БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта і да пачатку 1936 г. працаваў санітарным медыкам (інспектарам) на розных пасадах у БССР (у 1930–1931 гг. праходзіў тэрміновую службу ў войску). У 1923 г. прызначаны ўпаўнаважаным ЦК Саюза эсперантыстаў Савецкіх краін (СЭСК) (пазней Саюз эсперантыстаў Савецкіх рэспублік – СЭСР) у БССР. З 1924 г. – сакратар, пазней – намеснік старшыні Цэнтральнага бюро Беларускай арганізацыі СЭСК. Як выдатны актывіст і функцыянер эсперантысцкага руху ў БССР прычыніўся да арганізацыі шматлікіх гурткоў і курсаў па вывучэнні эсперанта, займаўся перекладчыцкай і журналісцкай дзейнасцю. Падчас разгрому эсперантысцкага руху ў СССР арыштаваны 5 лютага 1936 г., асуджаны да 3 гадоў ссылкі. У 1939 г. вызваліўся, пасяліўся ў г. Багародзіцку Тульскай вобласці; займаў пасады раённага санінспектара, потым загадчыка раённага аддзела аховы здароўя. За арганізацыю падчас ІІ Сусветнай вайны медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ў прыфрантавых умовах і аднаўлення сістэмы аховы здароўя ў раёне па яго вызваленні ад акупантаў узнагароджаны медалямі “За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941–45 гг.” і “За оборону Москвы”. У 1944 г. пераведзены ў Тулу старшым абласным дзяржсанінспектарам і адначасова намеснікам загадчыка абласного аддзела аховы здароўя. У маі 1947 г. накіраваны ў г. Молатаў (сучасная Перм) загадчыкам абласнога аддзела аховы здароўя. Памёр 17 лютага 1957 г., пахаваны ў Пермі.

Першыя выступленні Д. С. Снежкі ў друку прыпадаюць на часы яго навучання ў БДУ. У студэнцкім часопісе БДУ “Чырвоны сьцяг” змясціў шэраг белетрызаваных нарысаў і замалёвак (1925), тамсама вёў аддзел крытыкі, дзе рэгулярна выступаў з аглядамі перыядычных выданняў, друкаваў рэцэнзіі на літаратурныя творы. Яго далейшая журналісцкая праца (да сярэдзіны 1930 х) цесна звязаная з паўсядзённай дзейнасцю ў эсперантысцкім руху Беларусі і СССР. У 1926–1927 гг. у часопісе “Беларуская работніца і сялянка” выходзіць шэраг публікацый Д. С. Снежкі, падрыхтаваных на аснове перакладу з эсперанта, рэферавання і апрацоўкі пісьмаў у СССР работніц і прадстаўніц “левай” інтэлігенцыі еўрапейскіх краін і Кітая. У 1927–1928 гг. супрацоўнічае з літаратурнымі часопісамі “Чырвоны сейбіт”, “Узвышша” і інш., публікуючы артыкулы і карэспандэнцыі на тэмы культурнага і літаратурнага жыцця замежжа. Пасля заканчэння БДУ Д. С. Снежка як журналіст амаль цалкам засяроджваецца на актуальных пытаннях і праблемах эсперантысцкага руху ў СССР / БССР, становіцца пастаянным аўтарам часопіса Цэнтральнага камітэта СЭСР “Международный язык” (Масква). Тады ж пачынае дасылаць заметкі і артыкулы на эсперанта ў шматлікія газеты і часопісы замежжа (Францыя, Фінляндыя, Германія, Швецыя, Балгарыя і інш.), дзе яны друкуюцца на мове арыгінала ці ў перакладах на мясцовыя мовы. У канцы 1920 х – сярэдзіне 1930 х гг. займаецца перекладамі літаратурных твораў з і на эсперанта; складае эсперанта-беларускі, беларуска-эсперанцкі слоўнікі і падручнік эсперанта на беларускай мове (не былі выдадзеныя). Пасля трохгадовай ссылкі вяртаецца да журналісцкай дзейнасці, публікуючы артыкулы, карэспандэнцыі, заметкі па медыцынскай і санітарнай справе ў профільных агульнасаюзных выданнях (“Медицинский работник”, “Гигиена и санитария”) і абласной, раённай прэсе па месцы жыхарства і працы (“За уголь”, г. Багародзіцк; “Коммунар”, г. Тула і інш.). Найбольш значныя журналісцкія творы Д. С. Снежкі гэтага перыяду – артыкулы “П. П. Белоусов (К 50 летию со дня смерти)” і “В. И. Смидович как санитарный врач”, прысвечаныя санітарным медыкам Тулы дарэвалюцыйнага часу.

Дакументы Д. С. Снежкі паступілі ў БДАМЛМ у 2013–2014 гг. Частка іх была передадзена Эміліяй Дзмітрыеўнай Снежкай – малодшай дачкой фондаўтваральніка; другая частка паступіла ад даследчыка В. В. Жыбуля. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1, які складаецца з 6 раздзелаў і змяшчае 34 справы (153 дакументы) за 1896–2014 гг., копіі за [1890–1894 гг.].