Аб удзеле работнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў навукова-практычнай канферэнцыі

18 мая 2023 г. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусі (г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116) правёў ІІ Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Архіўны дыялог. Архівы пра людзей, людзі ў архівах».

У яе рабоце ўзялі ўдзел некалькі супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. На пленарным пасяджэнні загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Дзмітрый Матвейчык выступіў з дакладам «Біяграфістыка як асобны накірунак у навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі», у якім азнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з навуковымі тэмамі і кніжнымі выданнямі архіва па дадзенай праблематыцы, а таксама акрэсліў перспектывы далейшага развіцця згаданага накірунку. Ім былі таксама падараваны ў бібліятэку Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь некалькіх апошніх кніжных выданняў НГА Беларусі.

На секцыйным пасяджэнні намеснік дырэктара НГА Беларусі Максім Макараў у сваім дакладзе «Новыя крыніцы да біяграфіі беларускага літаратара ХІХ ст. Фелікса Тапчэўскага ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі» азнаёміў прысутных са знаходкамі ў фондах архіва апошніх гадоў і раскрыў іх інфармацыйны патэнцыял. Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Сяргей Рындзін у сваім дакладзе «Распрацоўка ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі навуковай тэмы «Чыноўнікі беларускіх губерняў перыяду Расійскай імперыі (1772–1917»: дасягненні і праблемы» падрабязна спыніўся на актуальнасці дадзенай тэмы, коле крыніц, на падставе якіх яна распрацоўваецца, а таксама ацаніў ужо дасягнутыя вынікі і бліжэйшыя перспектывы развіцця.

Выступленні работнікаў НГА Беларусі, якія традыцыйна грунтуюцца на канкрэтных гістарычных крыніцах, выклікалі ва ўдзельнікаў канферэнцыі заканамерную цікавасць.

 

1. Дзмітрый Матвейчык пад час свайго даклада
2. Намеснік дырэктара НАРБ Алена Стуканава дэманструе падараваныя кнігі
3. Максім Макараў пад час свайго даклада
4. Сяргей Рындзін дэманструе выдадзены НГА Беларусі біяграфічны даведнік «Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793–1917)»