«Беларусь помніць. Помнім кожнага»

Што робіць нацыю вялікай? Чым вымяраецца яе гераізм, подзьвіг, смеласць? Каго помняць нашчадкі і ворагі, кім ганарацца і ставяць у прыклад суайчыннікі? Тых, хто не скараючыся абставінам, працягвае барацьбу і гэтым змяняе будучыню свайго народа.

26 кастрычніка 1941 года ў Аляксандраўскім скверы Мінска былі пакараны смерцю падпольшчыкі Мікалай Дземідзенка, Вольга Шчэрбацэвіч, Надзея і Петр Янушкевічы. 7 мая 1942 года на тым жа месцы былі павешаны сакратар Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б Ісай Казінец і 28 падпольшчыкаў. Казні цягнуліся, Мінск змагаўся, не скараючыся акупацыі, супрацьстаючы чужой воле. 1100 дзён барацьбы. Да самога вызвалення.

Гераічныя смерці не былі забытыя, пра іх распавяла кніга Івана Новікава «Дороги скрестились в Минске», тэлевізійны серыял «Руины стреляют…», публікацыя Мікалая Матукоўскага «1100 дней» у газеце «Известия». Смерць і подзьвіг канкрэтных людзей прыдалі мужнасці кожнаму мінчуку, зрабілі горад сімвалам Перамогі. 26 чэрвеня 1974 года Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мінск атрымаў ганаровае званне «Горад-герой».

3 мая 2023 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва прыйшлі да мемарыяльнага знака ў Александраўскім скверы, каб ускласці кветкі і ўзгадаць тых, хто сваёй смерцю захаваў жыццё іншым, сваім гераізмам даказаў, што беларусы – смелы і няскораны народ.