Выстава да 110-годдзя мастака і архітэктара Івана Мядзведзева (1913-1998)

7 красавіка 2023 года ў рамках мерапрыемстваў Года міру і стварэння ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы да 110-годдзя мастака і архітэктара Івана Васільевіча Мядзведзева “Брэст і Брэсцкая крэпасць у акварэлях 1957 года”.

На выставе прадстаўлены эцюды 1957 года з выявай горада Брэста і Брэсцкай крэпасці з прыватнай калекцыі дачкі мастака Ірыны Кузняцовай, якая падзялілася з аўдыторыяй сваімі ўспамінамі пра бацьку і яго творчасць. На мерапрыемстве таксама выступілі першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Алена Міцюкова.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва прадставіў дакументы з асабістага фонду Івана Мядзведзева: малюнкі і накіды, эскізы касцюмаў і дэкарацый да оперных спектакляў, эскізы афармлення вонкавай рэкламы і дэкарацый інтэр’ераў, альбом з фатаграфіямі творчых работ.

Вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Наталля Мізон правяла для ўдзельнікаў мерапрыемства невялікую экскурсію і расказала аб дакументальнай спадчыне Івана Мядзведзева, якая была перададзена на захоўванне ў архіў-музей самім мастаком.