80 гадоў Хатынскай трагедыі

У гэтыя дні ўспамінаюць адну з самых трагічных падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны – знішчэнне разам з жыхарамі беларускай вёскі Хатынь. 22 сакавіка 1943 года 149 жыхароў Хатыні былі спалены зажыва або расстраляны за магчымае аказанне дапамогі партызанам.

Трагедыя Хатыні адлюстравана ў многіх творах мастацтва, але адной з першых часцей за ўсё ўзгадваецца кніга “Я з вогненнай вёскі…” беларускіх пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка пра сотні трагедый беларускіх вёсак, спаленых фашыстамі разам з іх насельнікамі. Гэтая кніга – прыклад асаблівага жанру літаратуры, які можна называць па-рознаму: зборнік успамінаў і дзённікаў, дакументальная трагедыя, рэпартаж з месца падзей, кніга-памяць, кніга-дакумент. Гэтая кніга стваралася з думкай пра тое, каб распавесці чалавецтву пра вялікую, нечуваную трагедыю народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны праз аповеды непасрэдных удзельнікаў – жыхароў вёсак і гарадоў.

Упершыню старонкі з будучай кнігі “Я з вогненнай вёскі…” былі надрукаваны ў часопісе “Маладосць” у 1971 годзе пад назвай “Памяць”. А.Адамовіч, Я.Брыль і У.Калеснік пісалі: “Няхай гэтыя галасы будуць з намі, з нашым народам і з усімі сумленнымі людзьмі, хай яны не толькі напамінаюць пра мінулае, але і клічуць быць пільнымі”. Праца над кнігай цягнулася амаль 5 гадоў. За 1970-1973 гг. аўтары аб’ездзілі 35 раёнаў Беларусі, пабывалі ў 147 “вогненных вёсках”. Запісалі на магнітафонную стужку аповяды больш за 300 жывых сведкаў трагедый беларускіх вёсак і мястэчак. Кніга была апублікавана ў 1975 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” (перакладзена на 6 моў). Вялікую колькасць фатаграфій у кнізе дапаўнялі дзве грампласцінкі з запісамі галасоў тых, хто рассказваў пра трагедыю.

На сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва размешчаны дакументы, якія адлюстроўваюць працэс збору матэрыялу і падрыхтоўкі кнігі “Я з вогненнай вёскі…”.