У рамках рэспубліканскай акцыі “Архівы-Школе” працягваецца ўзаемадзеянне Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Навагрудку з установамі адукацыі горада

20 сакавіка наведвальнікамі дакументальнай выставы “Навагрудчына пасляваенная: аднаўленне і развіццё” сталі навучэнцы 9Б класа ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Навагрудка”. На гэты раз найбольшую цікавасць школьнікаў выклікалі дакументы, якія расказваюць аб развіцці школьнай і сярэдне-спецыяльнай адукацыі ў горадзе, дзейнасці тэхнікумаў і вучылішчаў, іх месцазнаходжанні, а таксама аб назвах і перайменаваннях вуліц горада. І ў гэтым неацэнную дапамогу аказвае падрыхтаваны і выдадзены раней архівам даведнік “Вуліцы Навагрудка: назвы і перайменаванні (1944-2010)”, з якім можна азнаёміцца ў чытальнай зале архіва.

Таксама хлопцы наведалі архівасховішчы, дзе даведаліся аб патрабаваннях, якія прад’яўляюцца да арганізацыі захоўвання дакументаў.