Да 100-годдзя пісьменніцы Алены Васілевіч (1922-2021)
Васілевіч Алена Сямёнаўна нарадзілася на Случчыне ў засценку Даманшчына, Урэцкага сельсавета. «Мама памерла праз два тыдні пасля бацькі. Было гэта ў жніўні 1930 года. Мне ішоў восьмы год», – чуем у аўтабіяграфіі ўдумлівы, нягучны голас пісьменніцы, які кранае лірызмам і светлай узнёсласцю.
Дзіцем Алена зведала, што такое «чужы хлеб», адчувала сябе «лішнім ротам» у дзядзькавай сям’і, а калі таго «раскулачылі», то расла «з пугай у руках» разам з дзецьмі дваюраднай сястры, муж якой быў несправядліва асуджаны.
Пасля заканчэння сямігодкі ў м. Урэчча, адвучылася два курсы ў Слуцкім педвучылішчы.»На другім курсе, аднак, прыйшло «праясненне»…я не здолела рашыць задачу па арыфметыцы за… 3-ці клас сястрыному сыну… Каб раз і назаўсёды пакончыць з матэматыкай (маёй нязменнай пакутай) адразу ж пасля другога курса я падала заяву ў Рагачоўскі настаўніцкі інстытут – на літфак», – патлумачыла свой лёсавызначальны выбар пісьменніца. У Рагачове – «цудоўным зялёным гарадку па калена ў белым пяску на беразе Дняпра», які «застаўся самым мілым і дарагім сэрцу ўспамінам» – будучую пісьменніцу заспела вайна.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Алена Сямёнаўна працавала ў бібліятэцы (1941, Татарстан), пісарам у вайсковай частцы (1942), загадчыцай бібліятэкі (1943, Харкаў). У 1944 г. вярнулася ў Мінск, была прынята на 3 курс філфака БДУ. Пасля заканчэння пераехала ў Курск да мужа, працавала ў выдавецтве «Курская правда» (1946-50). Пасля вяртання на сталае жыхарства ў Мінск працавала ў рэдакцыі часопіса «Работніца і сялянка» (1950-72), выдавецтвах «Мастацкая літаратура» (1972-80), «Юнацтва» (1980-83).
Згадваючы ў аўтабіяграфіі асноўныя «вехі» жыцця, пісьменніца заўважыла, што «падрабязнасці яго раскіданы па [яе] творах». Нягледзячы на жыццёвую праўду ў іх, частка сюжэтаў і герояў будзе няўмольна выкрэслена алоўкам цэнзараў. «Корректуру я получила – в ней отдельные главы будто поднялись из прокрустова ложа… я не говорю о выброшенных трёх главах целиком. Однако сейчас, читая вёрстку, я вижу, как походя это делалось… Я не говорю уже про непонятный аскетизм и фиговые листки, пестрящие в других главах» (з ліста рэдактару Т. Гарбачовай, 1971).
У 1947 г. у часопісе «Беларусь» была апублікавана першая аповесць А. Васілевіч «У прасторах жыцця», а ў 1950 г. выйшла з друку другая аповесць пісьменніцы «Шляхі-дарогі». Распавядаючы пра лёс пакалення, якое перажыло вайну, аповесці адкрылі чытачу адметнасць мастацкага стылю пісьменніцы – інтэлігентнасць, далікатнасць, удумлівасць.
З ліставання А. Васілевіч з М. Лыньковым у 1948 г. можна заўважыць, што ў літаратуру прыйшла энергічная і неабыякавая да сваёй творчасці пісьменніца. Маладая аўтарка настойліва чакае водгука на дасланыя літаратурнаму мэтру творы: «…як сабе хочаце, вінаваты крыху, мусіць… і вы самі… Скажыце, няўжо мая аповесць настолькі дрэнная, што ў Вас, калі вы яе прачыталі (а я думаю, што гэта так), не знайшлося ахвоты мяне хоць палаяць за яе?» (31.03.1948). У адказ М. Лынькоў спачатку на цэлую старонку апраўдваецца і толькі затым дае свае парады (ліст ад 18.04.1948). Не з усімі з іх пісьменніца пагаджаецца, на што М. Лынькоў заўважыў: «Той, хто адразу здаецца, не заўсёды сур’ёзна ставіцца да сваёй творчасці. Гэта не значыць, аднак, што вы да канца, як гаворыцца, правы» (04.05.1948).
Шмат апавяданняў А. Васілевіч было адрасавана дзецям. Кнігі «Заўтра ў школу» (1956), «Сябры» (1958), «Апавяданні» (1959), «Калінавая рукавічка» (1963), «Шурка Рэмзікаў» (1985) адкрываюць свет уражлівых, рамантычных, назіральных дзяцей, што любяць і разумеюць прыроду, клапоцяцца пра птушак і жывёл, становяцца іх надзейнымі сябрамі. Пісьменніца ўмее размаўляць з моладдзю эмацыйна, ярка. Яе творы вабяць дзяцей, актывізуюць іх думку, узбагачаюць пачуцці.
Тэтралогія А. Васілевіч «Пачакай, затрымайся…», выдадзеная асобным выданнем у 1972 г., стаіць у шэрагу лепшых аўтабіяграфічных твораў беларускай літаратуры, была адзначана ў 1976 г. Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне дзіцячай літаратуры.
Тэтралогія аб’яднала аповесці «Расці, Ганька» (1966), «Доля знойдзе цябе» (1968), «Новы свет» (1970), «Пачакай, затрымайся…» (1970). У 1994 г. у выдавецтве «Юнацтва» выйшла апошняе выданне тэтралогіі «Пачакай, затрымайся…». Яно дапоўнена новым раздзелам «…А праз месяц i дванаццаць дзён пачалася вайна…», аб’ём кнігі павялічыўся больш як на 70 старонак.
Цыкл аповесцей можна назваць і лірычнай аўтабіяграфіяй, і біяграфіяй пакалення, да якога пісьменніца належыць. У творы па-мастацку ўзноўлены факты з жыцця А. Васілевіч, яе родных, сваякоў і аднавяскоўцаў; малюнкі побыту, звычаяў беларусаў створаны з веданнем, тонкім адчуваннем іх асаблівасцей; паказаны нацыянальныя святы (Калядкі, Дажынкі, Юр’я), вяселле, вячоркі, штодзённая праца дарослых і дзяцей; згадваюцца назвы вёсак, гарадоў, мясцовыя назвы (Бабруйск, Слуцк, Рагачоў, Урэчча, Паўстынь, Барэцкі лес, Кляпчанскае балота, Шэндараў брод і інш.).
А. Васілевіч – аўтар кніг «Люблю, хвалююся – жыву» (нататкі, эсэ, 1986), «Элегія» (апавяданні, эцюды, эсэ, 1988). Пераклала на беларускую мову аповесць М. Стэльмаха «Гусі-лебедзі ляцяць» (1975), раман Д. Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (1976), аповесць Г. Башырава «Зялёная мая калыска» (1981) і інш.
Уганаравана званнем «Заслужаны работнік культуры Беларусі» (1977).
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва захоўвае фонд А. Васілевіч (№ 204), які змяшчае рукапісы пісьменніцы, рэцэнзіі на яе творы, аўтабіяграфію, ліст да рэдактара (1962-74, здадзены самой А. Васілевіч). Пасля смерці Алены Сямёнаўны яе роднымі былі перададзеныя матэрыялы з сямейнага архіва, які налічвае больш за 3500 дакументаў.
Акрамя таго, у архіўных фондах вядомых дзеячаў і розных устаноў захоўваюцца фотаздымкі з А. Васілевіч, лісты пісьменніцы (да Я. Брыля, Т. Цулукідзе, Г. Гарэцкай, К. Буйло, В. Гарбука, І. Мележа, П. Мядзёлкі, М. Лынькова, М. Танка і інш.); рукапісы яе твораў, адасланыя ў рэдакцыі «Полымя», «ЛіМ» і інш.; шматлікія рэцэнзіі на творы А. Васілевіч (В. Бурносава, А. Шашкова, І. Шамякіна, В. Нікіфаровіча, Ю. Канэ, Дз. Осіна, П. Пестрака і інш.), артыкулы аб творчасці пісьменніцы (А. Ясакава, Г. Шупенькі, У. Гніламёдава і інш.); сцэнары тэлеперадач пра А. Васілевіч і сцэнічныя пастаноўкі па яе творах.
![]() |
1. А. Васілевіч, 1950-я гг., і яе першая кніга “Шляхі-дарогі”, 1950 г. БДАМЛМ. Ф. 246. Воп. 1. Адз. зах. 13. Л. 2; інв. № 5182. |
![]() |
2. Аўтабіяграфія А. Васілевіч. Да 1972 г. Машынапіс. БДАМЛМ. Ф. 204. Воп. 1. Адз. зах. 21. Лл. 1-3. |
![]() |
3. Ліст М. Лынькова да А. Васілевіч. 04.05.1948 г. Аўтограф. БДАМЛМ. Ф. 191. Воп. 1. Адз. зах. 216. Лл. 3-3 адв. |
![]() |
4. Ліст А. Васілевіч да М. Лынькова ад 10.05.1948 г. На фота М. Лынькоў і А. Васілевіч сярод іншых пісьменнікаў у Каралішчавічах. 1960-я гг. БДАМЛМ. Ф. 191. Воп. 1. Адз. зах. 319. Лл. 2-2 адв.; Ф. 74. Воп. 1. Адз. зах. 381. Л. 3. |
![]() |
5. А. Васілевіч, Я. Маўр, (?). 1950-я. гг. БДАМЛМ. Ф. 169. Воп. 1. Адз. зах. 17. Л. 1. |
![]() |
6. Рукапіс аповесці А. Васілевіч “Пачакай, затрымайся…” і друкаванае выданне з дароўным надпісам Г. Гарэцкай. 1960-я. БДАМЛМ. Ф. 204. Воп. 1. Адз. зах. 3. Л. 2; Інв. № 26233. |
![]() |
7. Ліст А. Васілевіч да Г. Гарэцкай ад 28.02.1978 г. На фота А. Васілевіч і інш. супрацоўнікі выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 1970-я гг. БДАМЛМ. Ф. 426. Воп. 1. Адз. зах. 101. Л. 1; Ф. 281. Воп. 1. Адз. зах. 319. Л. 1. |
![]() |
8. Ліст А. Васілевіч рэдактару Т. Гарбачовай. Машынапіс. 23.12.1971 г. БДАМЛМ. Ф. 204. Воп. 1. Адз. зах. 28. Лл. 1-3. |
![]() |
9. Кніга А. Васілевіч “Люблю, хвалююся – жыву” з дароўным надпісам Я. Брылю, 1986 г., і паштоўка да Я. Брыля,1970-я гг. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 89. Лл. 4-5; інв. № 14931. |
![]() |
10. Кніга А. Васілевіч “Элегія” з дароўным надпісам С. Грахоўскаму, 1988 г. На фота А. Васілевіч, 1980-я гг. БДАМЛМ. Ф. 201. Воп. 4. Адз. зах. 378. Л. 2; інв. № 16747. |
![]() |
11. Ліст А. Васілевіч да Г. Гарэцкай. 03.02.1993 г. Аўтограф. БДАМЛМ. Ф. 426. Воп. 1. Адз. зах. 101. Лл. 26-27. |