Правядзенне экскурсіі для Дзяржынскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў

9 снежня 2022 года ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў (далей – БДАКФФД) адбылася экскурсія для членаў Дзяржынскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, запланаваная ў рамках мерапрыемстваў да Года гістарычнай памяці і 100-годдзя архіўнай службы Беларусі.

Экскурсаводы, у ролі якіх выступілі вядучы архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.Д.Раманава і вядучы архівіст аддзела дзяржаўнага ўліку і навукова-даведачнага апарата А.Ф.Чарненка, пазнаёмілі гасцей са складам дакументаў, якія захоўваюцца ў фондах, а таксама з асаблівасцямі пошуку з дапамогай навукова-даведачнага апарата. Акрамя таго, была падрабязна асветлена спецыфіка тэхналагічных працэсаў, накіраваных на захаванне ўнікальнай аўдыёвізуальнай спадчыны: рэстаўрацыйна-прафілактычныя мерапрыемствы, аблічбоўванне ўсіх відаў дакументаў, асаблівасці тэхнічнага кантролю за станам носьбітаў дакументаў. Таксама фокус увагі быў засяроджаны на асаблівых умовах захоўвання ў фондасховішчах.

Наведвальнікам была дадзена унікальная магчымасць пазнаёміцца са зборамі дакументаў з калекцый В.І.Аркашава, А.М.Багамолава, Э.Тамашэўскай-Радзівіл, а таксама альбом фатаграфій, прысвечаных гісторыі Дзяржынска. Акрамя таго, удзельнікі экскурсіі змаглі ўбачыць носьбіты дакументаў, пачуць голас Якуба Коласа. Вялікае ўражанне на гасцей зрабіла запіс выступлення былога дырэктара сярэдняй школы №3 г. Дзяржынска Івана Іванавіча Лысака. Голас з мінулага адразу ж выклікаў ажыўленне ў прысутнай групе педагогаў, бо многія з іх добра ведалі гэтага аўтарытэтнага ў раёне чалавека, а таксама яго сына Уладзіміра і нявестку Алу, якія прадстаўлялі настаўніцкую дынастыю гэтай сям’і.

Дзіўным чынам супала, што экскурсія была прысвечана двум знакавым для Рэспублікі Беларусь дат. Першая з іх – маючы адбыцца 85-гадовы юбілей Мінскай вобласці, якому ў значнай меры надалі ўвагу і работнікі архіва ў сваім апавяданні, і ўдзельнікі экскурсіі. І калі першая дата звязана з росквітам і развіццём Міншчыны, то другая асацыюецца з горам і пакутай. 9 снежня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў злачынства генацыду. Жалобнай даце, да якой мае дачыненне практычна кожная беларуская сям’я, было прысвечана выступленне заслужанага архівіста Рэспублікі Беларусь Т.Л.Рахманько. У сваім дакладзе яна нагадала аб ролі БДАКФФД у захаванні і прымнажэнні памяці беларускага народа.

Самай галоўнай мэтай мерапрыемства, па заяве Т.В.Апраніч, старшыні Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, стала дасягненне магчымасці з дапамогай унікальных кадраў фотадакументаў і кінастужак дакрануцца да гісторыі нашай краіны.

Штодзённая і няпростая праца работнікаў архіва па захаванні і прымнажэнні аўдыёвізуальнай спадчыны краіны зрабіла незгладжальнае ўражанне на ўдзельнікаў экскурсіі. Словы падзякі гасцей сталі ўзнагародай для калектыву БДАКФФД.