Да 110-годдзя паэта Аляксея Русецкага (1912-2000)
Аляксей Русецкі (сапр. Бурдзялёў Аляксей Сцяпанавіч, да 1949 г. падпісваўся псеўд. А. Бурдзель) нарадзіўся 4 снежня 1912 г. у мястэчку Студзянец Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Яго прадзед быў прыгонны, дзед – непісьменны, бацька Стэфан – вясковы грамацей, шукальнік лепшай долі, працаваў на шахтах Данбаса, загінуў на фронце ў самым пачатку Першай сусветнай вайны. Змалку і да юнацкіх год будучы паэт жыў у дзеда.
У суседзяў хлапчук
Жыў, баяўся айчыма
З непрыязнымі чорнымі,
Злымі вачыма.
Ён да дзеда ўцёк,
Гадаваў яго дзед
І надзейна-дарослым
Пусціў у свет…
(“Не страляйце мядзведзяў…”. 1997)
Пасля пачатковай школы Аляксей вучыўся ў Касцюковіцкай сямігодцы. У 1935 г. скончыў Маскоўскі зоаветэрынарны інстытут, быў камандзіраваны ва Узбекістан (тры месяцы вандраваў па кішлаках Ферганскай даліны), працаваў у ветэрынарна-бактэрыялагічных лабараторыях у Маскве (часта ездзіў па саўгасах Краснаярскага краю і Хакасіі), затым у Мінску.
З пач. 1942 г. і да заканчэння вайны А. Русецкі – на фронце. Напярэдадні вайны з Японіяй накіраваны разам з вайсковай часткай у Манголію. Праз раку Халхін-Гол, горны хрыбет Хінган прайшоў да Харбіна, Мукдэна і, нарэшце, Порт-Артура, дзе праслужыў паўтара гады.
У 1947 г. вярнуўся ў Мінск. Працаваў літкансультантам у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, у рэдакцыях часопісаў “Беларусь” і “Полымя”.
Першыя вершы А. Русецкі апублікаваў у 1935 г. Яго першы зборнік “У заўтрашні свет” (1951) – яркая старонка біяграфіі ваеннага пакалення. Зборнікі А. Русецкага “Святло акон тваіх” (1959), “Усход і Захад” (1962), “Служба святла” (1967), “Зямля гаворыць зорам” (1971), “Позірк” (1977), “Крокі сэрца” (1980), “Хвала жыццю” (1987) змяшчаюць вершы, якія перадаюць успаміны аўтара пра вайну, уражанні паэта ад яго далёкіх паездак, а таксама пачуццёвыя вершы, прысвечаныя каханню, прыродзе, зямлі.
У белым-белым ты ў закутак мой
зайшла і ціхай госцяй пасядзела,
здалася мне чаромхаю лясной;
цяпер табою поўны ўвесь пакой,
нібы пасля густой чаромхі белай…
І мроіцца мне родны кут лясны
і ты, як госця з даўняе вясны. (1958)
Творы А. Русецкага вылучаюцца высокімі іннтэлектуальнымі вартасцямі. Шмат у паэта філасофскіх вершаў з усведамленнем экалагічных праблем і адказнасці чалавека за лёс планеты, з выразным гуманістычным пошукам і клопатам пра будучыню.
Зборнік “На зломе лёсу” (1995) набывае новае гучанне ў творчасці А. Русецкага. Акрамя прывычных тэм, паэт агучвае даўно набалелае, але не выказанае дагэтуль у вершах.
Запозна выкрываецца мана,
няўжо ж у гэтым і мая віна,
што прыляцеў з вядомага ўсім выраю
з душою і даверлівай і шчыраю?
Любіць працоўны люд, сваю зямлю
вучылі дбайна яснавокіх дзетак
і піянерскі аддаваць салют
правадырам, кіраўнікам Саветаў,
хто засядаў пад Леніна партрэтам.
(“Выкрываецца мана”. 1988)
Вершы з названага зборніка: “Не праведнікам жыў” (1987), “Хаджу спавядацца соснам” (1988), “Пахаванне ідэі” (1990), “Ваўкалакі шэрыя” (1991), “Беларусы, мы ў сваёй дзяржаве?” (1992) і інш. – змяшчаюць пачуцці расчаравання ў былых ідэалах, перасцерагаюць перад старымі падманамі, што хаваюцца пад прыгожымі ідэямі. Вельмі моцна цяпер у паэта гучаць гістарычная і патрыятычная тэмы: “Крумкач нашага лёсу” (1991), “Устань, Няміга!” (1992), “Караліна Яцына” (1992) і інш.
“На апошнім прыстанку” (2012) – зборнік, які склаў напрыканцы жыцця сам Аляксей Русецкі, але выдадзены ён быў ужо пасля смерці паэта. У кнігу ўвайшлі творы, напісаныя паэтам у апошнія гады жыцця. Паэтычныя накіды і дзённікавыя запісы, што дапоўнілі зборнік, адкрылі чытачу шчымлівыя думкі аўтара пра сябе і пра свае творы. “З дзесяці маіх паэм – тры найлепшыя па ідэйна-мастацкаму выяўленню і сугучнасці з часам іх напісання. Гэта – “Яго вялікасць”, “Маналог зямлі”, “Насланнё”. Яны адпавядаюць і маім перакананням, і поглядам на ўсё ў час іх стварэння. 06.04.2000.” Паэма “Насланнё” была ўключана аўтарам у зборнік “На апошнім прыстанку”.
Мусібыць і я загасцяваўся,
Усё хутчэй няўмольны час,
Хай сасніцца любая зямля ўся
На світанні мне апошні раз… (2000)
А. Русецкі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і двума Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі; заслужаны работнік культуры Беларусі.
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва захоўвае асабісты фонд Аляксея Русецкага, які змяшчае больш за 100 дакументаў, сярод якіх: рукапісы вершаў, пісьмы да А. Русецкага (І. Барашкі, І. Васілеўскага, О. Вацыеціса, У. Дубоўкі, В. Ліўземніекса і інш.), фатаграфіі паэта (індывідуальныя і ў групах з літаратарамі) і шмат фатаграфій дзеячоў беларускай і іншых культур.
У бібліятэцы БДАМЛМ захоўваюцца зборнікі А. Русецкага з дароўнымі надпісамі І. Гурскаму, С. Грахоўскаму, П. Кабзарэўскаму, Н. Гілевічу, І. Шамякіну, П. Панчанку. Пасмяротны зборнік А. Русецкага “На апошнім прыстанку” быў перададзены ў архіў-музей унучкай паэта.
![]() |
1. А. Русецкі. 1962 г. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 13. Л. 5. |
![]() |
2. А. Русецкі – начальнік ваенна-палявой лабараторыі. Порт-Артур. 1946 г. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 123 Л. 2. |
![]() |
3. А. Русецкі (псеўд. А. Бурдзель). Уступ да паэмы “Ад імя дваццацігадовых” (з пазнакай “недрук.”). 1937 г. Аўтограф. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 1. Л. 1. |
![]() |
4. А. Русецкі. Незавершаны падрадкоўнік перакладу верша А. Міцкевіча “Памятник Петра Великого”. 1939 г. Аўтограф. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 1. Л. 10. |
![]() |
5. А. Русецкі. “З біяграфіі цырульніка”. [Канец 1930-х гг]. Аўтограф. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 1. Л. 6. |
![]() |
6. А. Русецкі (псеўд. А. Бурдзель). Ваенныя вершы. 1944 г. Аўтограф. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 2. Лл. 10, 11. |
![]() |
7. Ліст В. Віткі да А. Русецкага. 14.10.1946 г. Аўтограф. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 9. Л. 1. |
![]() |
8. Ліст Ул. Дубоўкі да А. Русецкага. 05.03.1961 г. Аўтарызаваны машынапіс. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 10. Лл. 1, 1 адв. |
![]() |
9. Ліст В. Гарбука да А. Русецкага. 28.12.1965 г. Аўтограф. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 9. Лл. 2, 2 адв. |
![]() |
10. Абмеркаванне пяцісотага нумара час. “Полымя” (І. Пташнікаў, А. Русецкі, Л. Арабей, П. Кавалёў, А. Бачыла). Снежань 1970 г. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 14. Л. 2. |
![]() |
11. Ліст В. Ліўземніекса да А. Русецкага. 15.01.1973 г. Аўтограф. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 8. Лл. 2, 2 адв. |
![]() |
12. М. Танк, А. Русецкі, М. Калачынскі на Днях украінскай літаратуры. 25.05.1976 г. БДАМЛМ. Ф. 468. Воп. 1. Адз. зах. 14. Л. 3. |