25 ліпеня 2022 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

25 ліпеня 2022 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Дэпартамент), на якім былі разгледжаны наступныя пытанні:

1. аб ходзе выканання мерапрыемстваў, выкладзеных у пункце 26 “Развіццё інфармацыйных тэхналогій пры вядзенні архіўнай справы” Комплекса мер па выкананню даручэнняў Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, даных па выніках назначэння Міністра юстыцыі 18 кастрычніка 2021 г. (падпункты 55 – 58) (далей – Комплекс мер), і аб удасканаленні Сістэмы адкрытага доступу да дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь (далей – САДД НАФ);

2. аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Дэпартаменце і рэспубліканскіх архіўных установах у першым паўгоддзі 2022 года;

3. аб удасканаленні ідэалагічнай работы ў рэспубліканскіх архіўных установах;

4. аб стане працы па забеспячэнні архіўнага захоўвання электронных дакументаў у дзяржаўных органах, іншых арганізацыях.

У рабоце калегіі прыняў удзел Намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.М.Кот.

Па першым пытанні адзначана, што работа па выкананню Комплексу мер у 2-м квартале 2022 г. у цэлым праводзілася ў адпаведнасці з Планам рэалізацыі ў 2022 годзе комплексу мер па выкананню даручэнняў Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, даных па выніках назначэння Міністра юстыцыі 18 кастрычніка 2021 г., у галіне развіцця інфармацыйных тэхналогій пры вядзенні архіўнай справы, зацверджаным дырэктарам Дэпартамента 27 снежня 2021 г.

У справаздачны перыяд дзейнасць Дэпартамента і адказных архіўных устаноў ажыццяўлялася ў рамках двух мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі” на 2021 – 2025 гады:

  • нарошчванне тэмпаў лічбавага капіравання;
  • працяг развіцця інтэрнет-праектаў і пашырэнне прысутнасці архіўнай галіны ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.

У ходзе выканання мерапрыемства “Развіццё Сістэмы адкрытага доступу да дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь у частцы стварэння віртуальнай чытальнай залы з мэтай забеспячэння аддаленага доступу даследчыкаў да архіўнай інфармацыі” (мерапрыемства 53 Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі”) у 2-м квартале 2022 г. Беларускім навукова-даследчым цэнтрам электроннай дакументацыі» (далей – БелНДЦЭД) дапрацавана тэхнічнае заданне па дадзенным мерапрыемстве.

У ходзе выканання мерапрыемства “Развіццё аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы аўдыёвізуальных дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у частцы працягу работы па стварэнню лічбавага архіва кінадакументаў і размяшчэння яго на рэсурсах рэспубліканскай платформы, якая дзейнічае на аснове воблачных вылічэнняў” (мерапрыемства 52 Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі” на 2021 – 2025 г.) у 2-м квартале 2022 г. Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў (далей – БДАКФФД) праведзена закупка з адной крыніцы на суму 190 330 рублёў і 26 мая 2022 г. заключаны дагавор з ТАА “Інфармейшэн тэхналоджыс медыя груп” па дапрацоўцы АІС БДАКФФД.

У другім квартале 2022 г. забяспечвалася нарошчванне тэмпаў лічбавага капіравання архіўных дакументаў. За 2-е паўгоддзе 2022 г. створана 657 349 электронных старонак копій архіўных дакументаў.

БелНДЦЭД дапрацаваны праект віртуальнай выстаўкі да 100-годдзя архіўнай службы Беларусі.

Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) у рамках развіцця інтэрнет-праекта “Партызаны Беларусі” за 2-гі квартал 2022 года перададзена ў “Выдавецкі дом “Беларусь сёння” для размяшчэння на партале “Партызаны Беларусі” 116 352 электронныя старонкі архіўных дакументаў. Па стане на 1 ліпеня 2022 г. на партале размешчаны 187 744 персанальныя электронныя карткі ўдзельнікаў партызанскага руху і падпольнай барацьбы.

У рамках развіцця інтэрнэт-праекта “Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны” НАРБ у 1 паўгоддзі 2022 г. былі актуалізаваны дадзеныя па 15 населеных пунктах.

Дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі ў 1-м паўгоддзі 2022 года падрыхтавана і размешчана ў адкрытым доступе 63 віртуальныя выстаўкі (за аналагічны перыяд 2021 года – 39).

Па другім пытанні было адзначана, што ў першым паўгоддзі ў Дэпартаменце разгледжана 108 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, з якіх 17 з’яўляліся пісьмовымі, 89 – электроннымі.

У зваротах, якія паступілі ў Дэпартамент пераважалі пытанні аб растлумачэнні патрабаванняў заканадаўства ў сферы архіўнай справы і справаводства, парушэннях устаноўленых патрабаванняў у афармленні дакументаў і забеспячэнні іх захаванасці ў арганізацыях, вядзенні справаводства з дакументамі ў электронным выглядзе, аказанні дзяржаўнымі архівамі Рэспублікі Беларусь платных паслуг, рабоце чытальных залаў дзяржаўных. архіваў Рэспублікі Беларусь і інш.

У рэспубліканскіх архіўных установах у справаздачны перыяд разгледжаны 74 звароты (11 пісьмовых, 16 электронных, 47 вусных).
Аўтарамі зваротаў ставіліся пытанні, звязаныя з аказаннем паслуг па выяўленні дакументаў, растлумачэннем парадку выканання тэматычных і генеалагічных запытаў, а таксама запытаў сацыяльна-прававога характару, фарміраваннем тарыфаў па аказанні паслуг капіравання архіўных дакументаў, рэжымам работы чытальных залаў, месцазнаходжаннем дакументаў па заработнай плаце, пенсіі і інш.

Адказы на ўсе разгледжаныя звароты накіраваны на адрас заяўнікаў у тэрміны, устаноўленыя Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-З “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

Па трэцім пытанні было адзначана, што ідэалагічная работа ў рэспубліканскіх архіўных установах будуецца ў рэчышчы агульнарэспубліканскай, арганізавана на планавай аснове і мае сістэмны характар.

Ідэалагічная работа рэалізуецца па шэрагу напрамкаў: інфармацыйная асвета і патрыятычнае выхаванне; фарміраванне актыўнай грамадскай і палітычнай пазіцыі; культурна-масавая работа; фарміраванне карпаратыўнай культуры; праца з моладдзю; прапаганда здаровага ладу жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцей.

Па чацвёртым пытанні адзначана, што работа па забеспячэнні архіўнага захоўвання электронных дакументаў у дзяржаўных органах, іншых арганізацыях ажыццяўляецца работнікамі БелНДЦЭД і НАРБ на пастаяннай аснове.

Для прыёму электронных дакументаў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый на пастаяннае захоўванне ў снежні 2019 г. уведзена ў прамысловую эксплуатацыю Інфармацыйная сістэма архіва электронных дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, якая размешчана на рэспубліканскай платформе.

У 2022 годзе ў НАРБ прыняты электронныя дакументы Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь за 2016 год. Ажыццяўляецца дапамога ў падрыхтоўцы да перадачы на пастаяннае захоўванне электронных дакументаў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь: сфарміравана 174 справы і вопіс электронных спраў пастаяннага захоўвання за 2018 год.

Адзначаецца неабходнасць актывізацыі работы па арганізацыі архіўнага захоўвання электронных дакументаў у арганізацыях – крыніцах камплектавання дзяржаўных архіваў абласцей пры ініцыятыўным кантролі куратараў ад архіваў, ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі БелНІЦЭД.