Да Дня ўсенароднай памяці ахвяр вайны і генацыду беларускага народа

У гады Вялікай Айчыннай вайны горад Ліда трапіў пад германскую акупацыю з чэрвеня 1941 года па ліпень 1944 года. На тэрыторыю Лідчыны вайна прыйшла ў першы ж яе дзень. Ужо раніцай 22 чэрвеня 1941 г. фашысцкая авіяцыя бамбіла горад. 27 чэрвеня 1941 г. горад быў акупаваны фашысцкімі войскамі.

З дапамогай гвалту фашысты ўсталёўвалі сваю ўладу і “новы парадак”.

Дакументальна ўстаноўлена, што ў пачатку акупацыі масавыя расстрэлы праводзіліся ноччу і досвіткам на тэрыторыі гарадской турмы. Жыхары горада баяліся выходзіць з дому. Сведкаў расстрэлаў было мала. Кожныя два тыдні немцы расстрэльвалі на тэрыторыі турмы 25-50 чалавек.

У верасні 1941 г. немцы расстралялі з кулямёта ў лесе 100 чалавек цыган і савецкіх ваеннапалонных, колькасць якіх устанавіць не ўдалося.

2 мая 1942 г. былі расстраляны 8 вядомых яўрэйскіх дзеячаў, сярод якіх вядомыя ўсяму гораду адвакаты Керзнер, Цыдэровіч, настаўнік Ліхтман.

8 траўня 1942 г. адбыўся масавы растрэл габрэйскага насельніцтва. У гэты дзень загінула 5670 чалавек. Загадзя былі падрыхтаваны ямы, ахвяр прымушалі распранацца і па 100 чалавек расстрэльвалі ў яме. Першымі ахвярамі сталі дзеці.

3 ліпеня 1942 г. былі расстраляны прадстаўнікі яўрэйскай інтэлігенцыі ў колькасці 135 чалавек.

8 ліпеня 1942 г. расстраляна 120 чалавек медыцынскага персанала псіхіятрычнай лякарні.

20 сакавіка 1943 г. былі расстраляны лепшыя прадстаўнікі каталіцкай царквы: ксяндзы Лабан, Снягоцкі, Мрочкоўскі, Аўгусціновіч, Дабравольскі, Счэснеўскі, Зладзейскі, Ажыхоўскі, Буяр. Разам з ксяндзамі расстраляны прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі: Балабанскі, Талучка, Паздэрскі, Пукінскі, Райзер.

У перыяд з ліпеня па верасень 1943 г. былі расстраляны тысячы савецкіх ваеннапалонных.

27 сакавіка 1944 г. на кірмашовай плошчы ў г. Ліда фашысцкімі катамі былі павешаны лекар Крыжаноўская Луцьяна (29 гадоў), настаўнікі Чуракоў і Астрэйка. Целы загінулых віселі трое сутак.

5 ліпеня 1944 г. адбыўся масавы растрэл вязняў турмы, якая знаходзілася на тэрыторыі ваеннага гарадка. Першых вывелі жанчын і расстралялі. Мужчыны паспрабавалі бегчы, але выратавацца ўдалося адзінкам.

Толькі ўстаноўленых ахвяр налічваецца па горадзе 12049 чалавек – мужчын, жанчын і дзяцей. Яны былі расстраляны, павешаны ці закатаваны.
(Ф. 1516. Оп. 1. Д. 1. Лл. 1-35).