23 красавіка 2020 г. адбылося адкрыццё перасоўнай гісторыка-дакументальнай выставы «пакуль памяць жывая», прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі

23 красавіка 2020 г. у адміністрацыі Партызанскага раёна г. Мінска адбылося адкрыццё перасоўнай гісторыка-дакументальнай выставы «ПАКУЛЬ ПАМЯЦЬ ЖЫВАЯ», прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.

Выстава падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці і ўяўляе сабой лічбавыя копіі дакументаў і фатаграфій на сямі плакатах (банэрах).

9 мая – самая памятная і ўрачыстая дата ў гісторыі нашага народа, якая сімвалізуе яго гераізм, мужнасць і самаадданасць у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі за свабоду роднай краіны. Над гэтым вялікім святам не падуладны час. Яно увасобіла у сабе бяспрыкладны подзвіг гераічных пакаленняў пераможцаў і лікуючую радасць народаў, выратаваных ад гібелі і прыгнёту.

Доўгачаканы Дзень вызвалення каштаваў нашаму народу неймаверных намаганняў і каласальных ахвяр. Падчас нацысцкай акупацыі ў Беларусі з 9,2 млн. насельніцтва загінуў кожны трэці яе жыхар.

Толькі ў лагеры Трасцянец за перыяд 1941-1944 гг. забіта, атручана газам, спалена больш за 200 тыс. партызан, падпольшчыкаў, ваеннапалонных, а таксама вязняў Мінскага гета. І гэта пацвярджаецца дакументамі з фондаў Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці: пайменны спіс грамадзян расстраляных, павешаных, закатаваных нямецкімі захопнікамі ў лагеры Трасцянец, спіс савецкіх ваеннапалонных, забітых немцамі ў лясным лагеры Шталаг № 352 у в. Масюкоўшчына і інш.

У гады вайны было знішчана больш за палову нашых нацыянальных багаццяў, разбурана 209 з 270-ці гарадоў і райцэнтраў, 9,2 тыс. вёсак (больш за 600 з іх былі спалены разам з жыхарамі). На беларускай тэрыторыі кровапралітная вайна доўжылася доўгіх 3 гады.

Мы шануем гераізм і бясстрашнасць абаронцаў Айчыны, якія верылі ў перамогу, мужна змагаліся за Радзіму. Шматлікія воінскія пахаванні і мемарыяльныя комплексы – гэта даніна памяці нязломнай волі і мужнасці нашага народа.

Архіўныя дакументы, прадстаўленыя на выставе, яркае таму пацверджанне:

дакументы па ўвекавечанні памяці воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі ў баях за вызваленне Радзімы,

дакументы аб будаўніцтве помніка-абеліска загінулым воінам Савецкай Арміі ў дні Вялікай Айчыннай вайны 1941-1944 гг. на брацкай магіле ў парку ім. Чалюскінцаў,

спіс памятных гістарычных месцаў баёў Савецкай Арміі і партызан на тэрыторыі Мінскай вобласці,

спіс вайсковых частак і злучэнняў, якія прымалі ўдзел у вызваленні г. Мінска,

прысваенне г. Мінску звання «Горад-герой»

і многія іншыя дакументы можна ўбачыць на банэрных плакатах выставы…

Найбольшую цікавасць уяўляюць ўзнагародныя лісты Героя Савецкага Саюза М.А. Кедышкі, старшыні Вярхоўнага Савета -Надзеі Грэкавай, а таксама дакументы з асабістых фондаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – К.М. Рахуба, В.М. Солапава. Асобны банер дэманструе дакументы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны артылерыста А.П. Сапунова, яго асабістыя франтавыя дзённікі.

Захаваць памяць аб подзвігу нашага народа-гэта гістарычны абавязак перад мінулым і будучыняй.

Выстава «ПАКУЛЬ ПАМЯЦЬ ЖЫВАЯ»

Выстава «ПАКУЛЬ ПАМЯЦЬ ЖЫВАЯ»

Выстава «ПАКУЛЬ ПАМЯЦЬ ЖЫВАЯ»