Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Да Года беларускай жанчыны Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент аб Героі Сацыялістычнай Працы Тамары Шкурко

Тамара Іванаўна Шкурко нарадзілася 13 сакавіка 1928 года ў вёсцы Буркі Брагінскага раёна ў сялянскай сям’і. Да вайны паспела скончыць шэсць класаў школы, затым перажыла акупацыю. Пасля вызвалення родных месцаў Чырвонай арміяй юная Тамара ўдзельнічала ў адраджэнні мясцовага калгаса «Чырвоная Ніва». Там яна была назначана звеннявой камсамольска-маладзёжнага звяна і ў гэтай якасці ў 1947 году дабілася слаўных ураджаеў – 30 цэнтнераў жыта, 16 цэнтнераў пшаніцы, 37 цэнтнераў махоркі і 280 цэнтнераў бульбы з гектара.

У Занальным дзяржаўным архіве ў г.Рэчыцы захоўваецца рашэнне №1075 Брагінскага райвыканкама ад 3 лістапада 1947 года (Ф.214 Воп.1 Спр.31. Арк.77). Дакумент змястоўвае наступныя радкі: «Разгледзеўшы матерыялы аб атрыманні высокіх ураджаеў жыта і пшаніцы і ў адпаведнасці з Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 29 сакавіка 1947 года, выканкам Брагінскага раённага Савета дэпутатаў працоўных ВЫРАШЫЎ: 1. Прадставіць да прысваення звання Героя Сацыялістычнай Працы ШКУРКО Тамару Іванаўну – звеннявую камсамольска-маладзёжнага звяна калгаса «Чырвоная Ніва» Буркаўскага сельсавета». У выніку Тамара Іванаўна была ўдастоена дадзенага ганаровага звання 10 сакавіка 1948 года, стаўшы адным з першых двух Герояў – працаўнікоў сельскай гаспадаркі Беларусі.

У далейшым Тамара Шкурко скончыла сельгастэхнікум у Мар’інай Горцы і Беларускую сельгасакадэмію ў Горках. Абараніла дысертацыю на суісканне навуковай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук. Працавала старэйшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства і плодаагародніцтва ў аграгарадку Самахвалавічы Мінскага раёна. Займалася сялекцыяй пладова-ягадных культур. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Пасля выхада на пенсію жыла ў Мінску. Памерла 12 кастрычніка 2015 года.

 

1. Герой Сацыялістычнай Працы Тамара Іванаўна Шкурко
2. ЗДАРэч Ф.214 Воп.1 Спр.31 Арк.77