БДАМЛМ і Купалаўскі тэатр арганізуюць супольную выставу ў гонар Ірыны Ждановіч

27 верасня 2026 г. спаўняецца 120 гадоў са дня нараджэння выдатнай беларускай актрысы, народнай артысткі БССР Ірыны Фларыянаўны Ждановіч. Ірына Фларыянаўна паходзіла з тэатральнай сям’і. Яе бацька, Фларыян Ждановіч (1884—1937), быў заснавальнікам Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1, у нашы дні — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Яна выступала з падлеткавага ўзросту. Пачынала з дзіцячых роляў, але пазней, упершыню ў гісторыі беларускага прафесійнага мастацтва, увасобіла роль шэкспіраўскай Джульеты, у сталым узросце сама ставіла спектаклі.

Каб ушанаваць памяць народнай артысткі БССР, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Беларускі дзяржаўны архіў–музей літаратуры і мастацтва арганізуюць выставу пад назвай «Ірына Ждановіч. Жанчына і сцэна». Урачыстае адкрыццё адбудзецца 25 верасня ў 15:00 у Каміннай зале Купалаўскага тэатра. Створаная экспазіцыя – выдатная магчымасць убачыць за архіўнымі матэрыяламі сапраўднае аблічча сваёй эпохі: шматгранную, таленавітую, моцную духам беларускую жанчыну з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і гарачым сэрцам. Сярод экспанатаў можна будзе ўбачыць вялікую колькасць унікальных матэрыялаў, звязаных з асабістым жыццём і рознымі перыядамі творчасці Ірыны Фларыянаўны — унікальныя фотаздымкі, афіцыйныя дакументы, успаміны яе сучаснікаў і калег па сцэне, артыкулы з газет мінулага стагоддзя і г.д.

Экспазіцыя «Ірына Ждановіч. Жанчына і сцэна» будзе размешчана ў Каміннай зале Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з 25 верасня да 25 кастрычніка.

На фота: Ірына Фларыянаўна Ждановіч (1906—1994)