Дзень ведаў у БДАМЛМ
1 верасня 2026 года ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь стартаваў новы 2026/2027 навучальны год. Урачыстыя лінейкі па ўсёй краіне былі прысвечаны святу – Дню ведаў.
Сімвалічным працягам праграмы першага навучальнага дня стала наведванне Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) навучэнцамі 7 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа №127 г.Мінска».
Загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Вера Валянцінаўна Біруля правяла для школьнікаў займальную экскурсію і пазнаёміла гасцей з асноўнымі напрамкамі дзейнасці і сучаснымі функцыямі ўстановы.
Юныя госці змаглі не толькі дакрануцца да багатай культурнай спадчыны, але і пагрузіцца ў атмасферу старадаўняй архітэктуры будынка былога касцёла бернардзінцаў, дзе месціцца архіў-музей. Школьнікам распавялі, што ў БДАМЛМ захоўваюцца дакументы па гісторыі айчыннай літаратуры, тэатра, музыкі, кіно і выяўленчага мастацтва. Пры гэтым каля паловы фондаў складаюць архівы пісьменнікаў і паэтаў Беларусі: калекцыі дакументаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, сям’і Багдановічаў, фонды Янкі Маўра, Цішкі Гартнага, Івана Мележа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі і многіх іншых.
У чытальнай зале архіва экскурсанты азнаёміліся з тэматычнай банэрнай выставай, прымеркаванай да 65-годдзя БДАМЛМ. Біруля В.В. звярнула ўвагу навучэнцаў на працу ўстановы па зборы дакументаў, якая актыўна працягваецца і сёння, фарміруючы трывалы падмурак для будучых даследаванняў.
Наведванне БДАМЛМ стала для вучняў яркім наглядным увасабленнем тэмы першага школьнага ўрока «Веды сёння – сіла і росквіт Беларусі заўтра!», падарыўшы масу станоўчых эмоцый, незабыўных уражанняў і новых ведаў аб культурным багацці Беларусі. Работнікі архіва-музея павіншавалі навучэнцаў і педагогаў, пажадаўшы ім творчых поспехаў і высокіх дасягненняў у наступным навучальным годзе і падарылі ім каштоўны падарунак кнігу «Адкрываючы новы свет. Іван Фёдараў. Францыск Скарына», выдадзеную ў рамках праекта «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы».
У гэты дзень работнікі БДАМЛМ пабывалі і на ўрачыстай лінейцы ў ДУА «СШ №4 г.Мінска», з якім архіў-музей звязвае пагадненне аб супрацоўніцтве.
![]() |
| 1. Дзень ведаў у БДАМЛМ |
![]() |
| 2. Навучэнцы СШ №127 г.Мінска ў гасцях у архівістаў |
![]() |
| 3. Біруля В.В. распавядае пра гісторыю архіва-музея |
![]() |
| 4. У чытальнай зале БДАМЛМ |
![]() |
| 5. Урачыстая лінейка ў СШ №4 г.Мінка |
![]() |
| 6. Падчас правядзення лінейкі ў СШ №4 |





